Урад ЗША валодае інфармацыяй, што «Боінг-777» «Малазійскіх авіяліній» быў збіты ракетай, выпушчанай з тэрыторыі, кантраляванай прарасейскімі сепаратыстамі.
Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Барак Абама падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў пятніцу.
«Нам дакладна вядома, што самалёт быў збіты ракетай» зямля-паветра», выпушчанай з тэрыторыі, кантраляванай сепаратыстамі», — адзначыў Абама.
Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што не хацеў бы спяшацца з высновамі адносна малазійскага самалёта, пакуль не будзе праведзена адпаведнае расследаванне з прыцягненнем розных бакоў.
У той жа час Абама адзначыў, што тэрарысты не маглі б збіць гэты самалёт, і раней — украінскія ваенныя самалёты, калі б яны не мелі ўзбраення з Расіі.
Паводле яго слоў, цяпер не засталося «часу для гульняў» і прэзідэнт Расіі Пуцін павінен вырашыць: ён падтрымлівае сепаратыстаў, або будзе супрацоўнічаць з украінскімі ўладамі для вырашэння канфлікту на Ўсходзе Украіны.
Раней паведамлялася, што выведка ЗША прыйшла да высновы, што Boeing 777 «Малазійскіх авіяліній», хутчэй за ўсё, збілі прарасейскія сепаратысты.