Вечарам у чацьвер лідэр гурту «Neuro Dubel» Аляксандар Кульлінковіч сустрэўся ва ўправе Партыі БНФ са сваімі прыхільнікамі і фанатамі. Гаворка ў асноўным ішла пра ўчорашнюю сустрэчу музыкаў з галоўным ідэолягам краіны Алегам Праляскоўскім. Кульлінковічу давялося выслухаць нямала крытыкі ў свой бок.

«За гэтыя два дні на нас вылілі вядро г…а, прычым рабілі гэта людзі, якія яшчэ ўчора нібыта зьяўляліся нашымі адданымі фанатамі. Я і сёньня скажу, што Праляскоўскі цалкам адэкватны чалавек, а ня нейкі там чорт з рагамі. Няхай на мяне і крыўдзяцца за гэтыя словы. Мы перамаглі, бо дыялёг прапанавалі менавіта ўлады, а ня мы прыпаўзьлі да іх на каленях. Сустрэча адбывалася з асабістай ініцыятывы Лукашэнкі. Мы адразу сказалі, што нічога пад іхным сьцягам рабіць ня будзем, бо наш сьцяг — бел‑чырвона‑белы. Перад сустрэчай я стаяў каля ўваходу ў сядзібу пад бел‑чырвона‑белым сьцягам і адчуваў рэальны гонар за краіну. І нават той факт, што я сёньня прыйшоў да вас сьведчыць, што мы нікому не прадаліся», — сказаў А.Кульлінковіч.

Лідэр «Neuro Dubel» таксама паведаміў, што заўтра мае намер ізноў патэлефанаваць Алегу Праляскоўскаму.

«Я выступлю з ініцыятывай канцэртаў «Цукеркі і дзеці». Мы іх ужо праводзілі гады тры назад, грошы з выступаў ішлі на падарункі дзецям зь дзіцячых дамоў. Цяпер я хачу арганізаваць нешта падобнае. Лявон [Вольскі] таксама даў сваю згоду на такія выступы. Мне балюча і крыўдна, што мяне назвалі здраднікам фактычна на пустым месцы. Нас не атрымаецца скарыстаць, бо мы вялікія і разумныя хлопчыкі».

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0