Чырвоны Крыж прызнаў, што Украіна знаходзіцца ў стане вайны. Як кажуць заходнія дыпламаты, гэта адкрывае дзверы для абвінавачванняў у ваенных злачынствах, у тым ліку за катастрофу з Боінгам-777.
Даклад Чырвонага крыжа з'яўляецца сакрэтным, паведамляе Reuters.
«Відавочна, што гэта міжнародны канфлікт, і таму гэта, хутчэй за ўсё, ваеннае злачынства», — сказаў дыпламат адной з заходніх дзяржаў у Жэневе.
Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК) з'яўляецца захавальнікам Жэнеўскіх канвенцый, якія ўстанаўліваюць шэраг правілаў вядзення вайны.
ААН абапіраецца на меркаванне Чырвонага Крыжа адносна таго, калі гвалт ператвараецца ў вайну.
«У сістэме ААН менавіта МКЧК робіць такое вызначэнне. Чырвоны Крыж з'яўляецца захавальнікам варот міжнароднага гуманітарнага права», — сказала крыніца ААН.
Як піша Reuters, МКЧК не зрабіў ніводнай публічнай заявы з гэтай нагоды, каб не пакрыўдзіць ні Украіну, ні Расію, называючы канфлікт грамадзянскай вайной ці актам знешняй агрэсіі.
Аднак Чырвоны Крыж зрабіў гэта ў прыватным парадку і праінфармаваў удзельнікаў канфлікту, паведамілі крыніцы Reuters.
Вызначэнне «вайна» — ці міжнародная, ці грамадзянская — змяняе гульню на законных падставах, бо з'яўляюцца два бакі ў стане вайны. Яны адказныя за ваенныя злачынствы.
Падазраваныя таксама могуць быць арыштаваныя за мяжой, бо некаторыя краіны ўжываюць «універсальную юрысдыкцыю» да ваенных злачынстваў.