Гмах, дах, страха, гучыць зусім немілагучна, згадзіцеся. Ёсьць, ёсьць у ёй мужнасьць, штось балцкае, штось ад германцаў, нават ад вікінгаў. Трэба-трэба, мабыць, было б нам называцца тымі крывічамі, адчувалі б сябе больш адважна. Імя ўсё ж уплывае на самаадчуваньне, на паводзіны. А крывічы — гучыць зусім не лагодна. Хаця мяне назва беларусаў задавальняе, але іншых яна разьмякчае, ім усё чамусьці мілагучнасьці хочацца. А каб назваліся, можа, мілавідамі якімі ўвогуле, яшчэ болей апострафы мягкімі знакамі замянялі б.

Часам я знаходжу на нёманскім беразе крэмніевыя аскепкі, якія выразна нагадваюць недаробленыя скрабец, сякерку, незакончанае джала стралы. Архэолягі пацьвярджаюць: выпадак для гэтых мясьцінаў не навіна, бо ў вашыя рукі трапілі нарыхтоўкі з майстэрні старажытнага прынёманскага жыхара …

Беларусы ў чымсьці такія ж недаробленыя сякеры, стрэлы, нажы і сярпы. Вядома ж, у гэтым можна ўбачыць пэўную схаваную ад чужых вачэй мудрасьць. Беларус глядзіць наўкола спадылба і моўчкі, быццам сам сабе, як навучыўся ў Большага брата, выгукае: а пайшлі вы ўсе на… Але гэтага замала для годнага існаваньня.

Паказушна скандаліць з Большым братам, нібы якія трактарысты на танцах, ніхто не забароніць, але такое кіно таксама ня сьведчыць пра сапраўдную крамянёвасьць, гэта ня скалка, гэта некандыцыйная цагліна для выступаў, каб супэрбярэт не раструшчыў зьнянацку свой чыгунны чэрап.

Так, беларуская мова досыць грубая і мужная, нічым ня горшая, бадай, за галяндзкую ці нямецкую ў гэтым сэнсе. Ня трэба нам усёй гэтай сьлязьлівасьці-саплівасьці, штучнай афіцыйнай замілаванасьці — “сінявокая рэспубліка”… Але, на жаль, яна стала барыкадай, як у грамадзянскай вайне, страляюць адны ў адных, але ўсё марнымі набоямі, пэйнтбол якісьці, “лінія молатава-рыбэнтропа”. Карацей, самі цэлыя, а мова напаўжывая.

Мая добрая сяброўка апавядае: любімымі словамі настаўніцы-“беларусіцы” былі — “сядай, кол!” Усе яе ненадзідзелі, яна ня ўмела прышчапіць любоў да мовы і, мабыць, не імкнулася. Другая мая сяброўка гаворыць: настаўніца была анекдатычнай, зь яе ўсе сьмяяліся. А што да навучаньня, дык яна зьніжала ёй адзнаку за слова “гарэх” і ставіла пяцёрку хлопчыку, які паводле яе адказваў, што “чай” будзе “чай” па-беларуску, а “чашка” будзе таксама “чашка”.

На ўступных экзаменах яе жорстка “рэзалі”, замяніўшы ў яе пісьмовай працы беларускія словы на расейскія — паводле слоўніка Крапівы, паставілі тройку. “Кажана” — на “лятучую мыш”, “гарбату” на “чай” і г.д. Не атрымалася! Што зробіш: гэтак спалучала “вучыцельства” з асноўнай працай супрацоўніца беларускамоўнай газэты. Яна ненавідзела недзяржаўныя газэты, эмігранцкіх паэтаў, Амэрыку, Эўропу і г.д.

Але усё лягічна, калі беларуская мова — гэта барыкада. І вось зусім нечакана ўжо вучыцеля-адраджэнцы, якія крытычна ставяцца да “наркамаўкі”, стараюцца занізіць адзнакі маёй знаёмай, не зважаючы, што яна нязмушана карыстаецца беларускай мовай. Але, мабыць, зноўку славэтны “гарэх” ці “кажан” трапіўся. Наперадзе часам апынаюцца юныя змагары за культуру мовы, якія блытаюцца са скляпеньнямі-сутарэньнямі, але жалезна засвоілі, што “хэ” трэба абавязкова замяняць на “гэ”, “як завяшчаў Тарашкевіч”. Вось толькі ў яго самога не спыталіся, і не спытаюцца…

“Сустрэнемся на барыкадах”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?