23.07.2014 / 16:32

Кіраўнік Партыі БНФ: Гадаванцы «казацкіх» летнікаў могуць стаць інструментам умяшання Расіі 9

Сайт kazak.by паведамляе, што ад 3 да 6 ліпеня пад Мінскам прайшлі зборы, арганізаваныя вайскова-патрыятычным цэнтрам «Казачы Спас» і грамадскім аб’яднаннем «Горад без наркотыкаў». Мэта збораў — вайскова-патрыятычнае выхаванне моладзі ў краіне.

У зборах узялі ўдзел 47 чалавек: казакі з Мінска, Магілёва, Жодзіна, Ганцавічаў, Драгічына. На фатаздымках бачна, што большасць з іх — падлеткі.

Удзельнікі збораў вывучалі нарыхтоўванні да стральбы з аўтамата, медыцынскую падрыхтоўку, тапаграфію, альпінісцкую падрыхтоўку, тактыку, армейскі рукапашны бой, стральбу па мішэнях з пісталета і іншыя вайсковыя дысцыпліны.

Апроч тэарэтычных заняткаў, у праграме летніка пазначаныя і практычныя трэніроўкі.

Юрыст Павал Сапелка патлумачыў, што выкарыстанне сапраўднай стралковай зброі незаконнае, калі мерапрыемства не суправаджаецца супрацоўнікамі вайсковай часці або міліцыянтамі, і адзначыў, што ў Беларусі дзеці-казакі свабодна могуць атрымліваць вайсковую падрыхтоўку, у той час як сябры нацыянальных арганізацыяў не могуць правесці звычайны летнік — іх затрымліваюць і, бывае, судзяць: «Тут складана даць вычарпальны камэнтар што да законнасці выкарыстання зброі для такога мерапрыемства, таму што няма ўсёй інфармацыі пра тое, як адбываліся гэтыя зборы. У нас аўтаматычная зброя ва ўласнасьці грамадзянаў, гэтаксама як і грамадскіх арганізацыяў, знаходзіцца не можа. Таму калі ў гэты летнік не былі заангажаваныя вайсковыя часці або міліцыя, то карыстаньне аўтаматычнай стралковай зброяй незаконнае.

Але тут паўстае іншае, больш важнае пытанне — выбарны падыход улады да такіх трэніровак. Калі б нейкія нацыянальна арыентаваныя арганізацыі, якія таксама пераследуюць патрыятычныя мэты, паспрабавалі б арганізаваць нават не ваенізаваны, а проста спартовы летнік, то яны б сутыкнуліся зь вялікай колькасьцю праблемаў, аж да затрымання».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што патрыятычнае выхаванне моладзі — гэта добра, але важна, у суправаджэнні якой ідэалогіі яно адбываецца:

«Навучыць маладога чалавека страляць з аўтамата Калашнікава нескладана. Пытаньне ў тым, як ён будзе выкарыстоўваць гэтыя веды. У мяне ёсць вялікія сумневы, што казацкія арганізацыі выхоўваюць у моладзі пачуццё патрыятызму да Беларусі і адданасць беларускай зямлі. Калі ідэалогія, якую распаўсюджваюць казацкія арганізацыі, не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, такія летнікі нясуць надзвычай вялікую небяспеку, бо на іх рыхтуюцца патэнцыйныя здраднікі Беларусі, якія, маючы ідэалагічна апрацаваны розум і навыкі ўзброенага супрацьстаяння, могуць стацца інструментам умяшання Расіі ва ўнутраныя справы Беларусі».

Аляксей Янукевіч таксама звярнуў увагу на тое, што, напрыклад, летнікі Моладзі БНФ неаднаразова разганяліся, а іх удзельнікі нават траплялі на лаву падсудных.

«Адсутнасьць рэакцыі з боку беларускіх праваахоўных органаў абурае. Асабліва з улікам таго, што любыя летнікі, дзе б магло быць нацыянальна-патрыятычнае выхаванне без аніякіх прыкметаў вайсковай падрыхтоўкі, заўсёды забараняюцца і разганяюцца. Нярэдка ўдзельнікаў такіх летнікаў затрымліваюць.

На маю думку, гэта недапушчальна і вымагае неадкладнай рэакцыі з боку праваахоўных органаў, калі, вядома, гэтыя органы абараняюць нацыянальныя інтарэсы і беларускі закон».

0
прол / Адказаць
23.07.2014 / 17:46
Як фанаты "Партызана" разагнали прарасийскую фашыстощскую хеўру "Румол", дык іх адразу і закрылі ў вязніцы. Вядома хто на каго працуе
0
Дзяніс / Адказаць
23.07.2014 / 17:50
Тык давайце ствараць свае летнікі, у чым пытанне. Колькі можна рабіць заявы, трэба нешта рабіць.
0
Lawyer / Адказаць
23.07.2014 / 18:14
Это типа им, ватникам, нельзя, а нам "патрыётам" можно?))) Малады Фронт сумесна з украінскім Моладзевым нацыяналістычным кангрэсам запрашае моладзь ў спартова-патрыятычны лагер «Адвага-2014» http://nn.by/?c=ar&i=131284
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру