Сярэдні кошт будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай у першым квартале 2014 года складаў 6,6 млн рублёў за квадратны метр, паведаміў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль 23 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Але туды ўвайшлі і дамы, якія здадзеныя па 12 млн рублёў за метр, і дамы, якія здадзеныя за 4 млн рублёў. А ўсе новыя дагаворы заключаюцца па актуальных цэнах. Таму нічога няма дзіўнага, калі цяпер гавораць пра 9, 10, 12 млн рублёў за квадратны метр пры заключэнні дагавораў», — сказаў ён.

Горваль адзначыў, што росту цэн на будаўніцтва жылля ёсць аб'ектыўныя прычыны, прычым трэба браць да ўвагі рост цэн у рублях, а не ў доларах. 

«У нас ёсць скажонае ўяўленне пра балансіроўку змены вартасных параметраў у рублях і доларах. Гэта несупастаўныя рэчы. Беларускія рублі — гэта аб'ектыўная рэальнасць, а долар — штучная пабудова. Трэба параўноўваць у беларускіх рублях», — сказаў ён.

Паводле слоў Горваля, рост цэн адбываецца проста: «Інфляцыя нам вядомая, вынікі эканамічнай дзейнасці, блізкія да нулю прыросту, нам вядомыя, рост заработнай платы дзесьці адбываўся і таксама націснуў на інфляцыю схаваную і гэтак далей».

Акрамя таго, сказаў ён, «методыка індэксацыі ў будаўніцтве змянілася, стала бліжэйшай да рэалій, бо раней індэксы будмантажу ўстанаўліваліся валявым спосабам, каб стрымліваць кошт». «Цяпер індэксы падраслі. Усё гэта прывяло да таго, што цана будаўніцтва расце», — паведаміў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?