Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 43-гадовага жыхара Мінскага раёна. Ён абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных п. 6, 16 ч. 2 арт. 139 КК (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю, асобай, якая раней учыніла забойства).
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог, следствам устаноўлена, што ў лютым гэтага года абвінавачваны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, у выніку раптоўнай сваркі нанёс сваёй знаёмай рукамі, нагамі не менш чым 45 удараў па розных частках цела. У выніку пацярпелай былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні, што мела вынікам смерць.
У ходзе папярэдняга расследавання следствам былі атрыманы неабвержныя доказы дачынення абвінавачванага яшчэ да аднаго асабліва цяжкага злачынства.
Так, у 2011 годзе абвінавачваны ў ходзе сваркі, якая ўзнікла на глебе асабістых непрыязных адносінаў, нанёс 55-гадоваму мужчыну множныя ўдары ў жыццёва важныя органы. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў пацярпелы памёр на месцы.
Некаторы час злачынства не маглі раскрыць, бо яно было ўчынена ва ўмовах невідавочнасці, пры адсутнасці сведак, а сам абвінавачваны зрабіў усё магчымае для ўтойвання слядоў забойства.
Нягледзячы на гэта следствам даследаваны абставіны злачынства, прааналізаваны сабраныя доказы, што потым дазволіла раскрыць злачынства і выкрыць абвінавачванага.
Цяпер дзеянням апошняга органамі папярэдняга расследавання дадзена адпаведная прававая ацэнка і крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.