З-за хранічных фінансавых праблем адсутнасці зарплаты ўсе гульцы футбольнага клуба першай лігі «Рэчыца 2014» (былы «Ведрыч-97») напісалі заявы аб сыходзе, паведаміў галоўны трэнер каманды Аляксандр Бразевіч у звароце да балельшчыкаў.

«На гэты момант сітуацыя такая, што на стале ў дырэктара ляжаць заявы на звальненне ад усіх футбалістаў каманды. Гульцы адмовіліся трэніравацца. Цалкам верагодна, што хлопцы адмовяцца ехаць на матч 1/16 Кубка Беларусі супраць «Граніта», — зазначыў настаўнік.

Паводле яго слоў, калі да канца тыдня не будзе ніякіх зрухаў, усе футбалісты сыдуць. «Я проста не змагу іх утрымаць. Калі я зараз наабяцаю, што ўсё будзе добра, а праз два тыдні і міністэрства, і гарадскія ўлады адмовяць у дапамозе, як мне глядзець у вочы хлопцам?» — растлумачыў Бразевіч.

Футбольны клуб знаходзіцца ў «вельмі цяжкай сітуацыі», канстатаваў ён. Каманда не мае права атрымліваць дзяржаўную падтрымку, «паколькі Міністэрства спорту адмаўляецца падпісваць наш план развіцця». Увесь першы круг клуб жыў толькі на ўласныя заробленыя сродкі.

«Міністэрства спорту аднойчы прыслала нам ліст з адмовай. Прычынай з'яўлялася тое, што «Рэчыца 2014» — гэта не новы клуб. Там было сказана, што гульцы і ўвесь персанал «Ведрыча-97» проста заявіліся пад новай назвай. А паколькі «Ведрыч-97» летась не зарабіў 20% ад уласнага бюджэту, г.зн. не выканаў указ прэзідэнта № 191, у дзяржпадтрымцы на наступны сезон яму адмоўлена», — паведаміў галоўны трэнер, падкрэсліўшы, што ФК «Рэчыца 2014» — новая юрыдычная асоба, зарэгістраваная ў пачатку 2014 года.

«На гэтым тыдні Міністэрства спорту павінна прызначыць дату пасяджэння, на якім будуць выслуханы прадстаўнікі нашага клуба. Я вельмі спадзяюся, што цвярозы сэнс пераможа і план будзе падпісаны… Але калі міністэрства зноў адмовіць, то павінен быць план «Б». Гэтым планам я бачу дапамогу з боку мясцовых уладаў… Няўжо мы горшыя? Няўжо ў Рэчыцы не знойдуцца грошы для выратавання адзінага спартыўнага клуба ў горадзе?» — гаворыцца ў звароце.

Фінансавыя праблемы зведваюць і іншыя клубы, у тым ліку вышэйшай лігі. Да прыкладу, 20 ліпеня футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» выйшлі ў майках з надпісам «Ці патрэбны футбол у Жодзіне?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?