Інтэрнэт-праект «Кошт урада», распрацаваны даследчым сектарам BIPART праекта Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (SYMPA) сумесна з незалежнымі эканамістамі, існуе ўжо больш за сем месяцаў.
За паўтара месяца пасля запуску праекта сайт наведала амаль 20 тыс. унікальных карыстальнікаў, паведаміў кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін. Паводле яго слоў, 80% гасцей сайта былі з Беларусі, астатнія — галоўным чынам з Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі і Казахстана, аднак ён выказаў меркаванне, што гэта, хутчэй за ўсё, беларусы, якія эмігравалі ў іншыя краіны. «Грамадзянам было вельмі цікава супаставіць, колькі яны зарабляюць, а колькі трацяць на розныя паслугі і куды гэтыя грошы ідуць», — сказаў кіраўнік праекта.
«Мы адсочвалі рэакцыю ў сацсетках, на форумах — многія былі ў шоку ад таго аб`ёму грошай, якія яны на самой справе плацяць за нібыта бясплатныя паслугі, каб карыстацца той праславутай бясплатнай медыцынай, адукацыяй, каб рэалізоўваліся дзяржпраграмы мадэрнізацыі і г.д. Усё гэта, думалі яны, бясплатна, а на самой справе — за іх кошт, больш за тое, нашы грамадзяне плацяць за гэта палову свайго прыбытку», — растлумачыў Кавалкін.
На сайце поўнасцю абнавіліся фінансавыя даныя. Кавалкін звярнуў увагу на тое, што за час існавання праекта ўрад толькі цяпер апублікаваў бюджэт на 2014 год — «і то не ўвесь».
Складанасць атрымання фінансавай інфармацыі, якая «ва ўсім цывілізаваным свеце заўсёды знаходзіцца ў адкрытым доступе», з`яўляецца адной з галоўных праблем, з якой сутыкнуліся распрацоўшчыкі праекта. «У нас такія даныя або не публікуюцца, або публікуюцца са спазненнем ці не ў поўным аб`ёме», — адзначыў ён. Каб прымусіць дзяржаўныя органы падзяліцца такой інфармацыяй, трэба, каб на іх увесь час «душылі адпаведнымі запытамі некамерцыйныя арганізацыі і журналісты», перакананы Кавалкін.
Найбліжэйшым часам распрацоўшчыкі плануюць дадаць сайту функцыянальнасці. У прыватнасці, будзе ўкаранёная сістэма пасылкі аўтаматычнага запыту даных. «На месцы даных, якія мы не можам атрымаць з афіцыйных крыніц, мы пакінем пустыя ячэйкі ў табліцах, — сказаў Кавалкін. — Адзін просты клік побач з незапоўненай ячэйкай — і ў адпаведны орган будзе адпраўлены аўтаматычны запыт на атрыманне гэтай інфармацыі. Думаю, калі той ці іншы орган пачне атрымліваць па 7—10 тысяч запытаў, ён усё ж апублікуе гэтыя даныя, паколькі стоміцца адказваць».
Карыстальнікам сайта неўзабаве таксама дадуць магчымасць выбраць валюту, у якой будуць адлюстроўвацца тыя ці іншыя паказчыкі. «Можна будзе паглядзець, напрыклад, бюджэт аховы здароўя, пераведзены ў гамбургеры ці бульбу. Усе гэтыя мільярды грамадзянам не вельмі зразумелыя, таму, думаю, ім будзе цікава паглядзець, колькі мяшкоў бульбы каштуе наша ахова здароўя», — дадаў кіраўнік праекта.