Аляксандар Радзькоў

Аляксандар Мілінкевіч

Старшыня прапрэзыдэнцкага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» Аляксандар Радзькоў заявіў пра гатоўнасьць супрацоўнічаць з апазыцыйнымі лідэрамі.

«Мы маем намер супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі асобамі, у тым ліку й з апазыцыйнымі. Нам цікавая гэтая дыскусія, сутыкненьне меркаваньняў. Мы гатовыя да размовы і дыялёгу з усімі і з кожным», — сказаў лідэр аб’яднаньня, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў у інтэрвію «Народнай волі».

У сваю чаргу лідэр апазыцыйнага аб’яднаньня «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч успрыняў словы Радзькова без асаблівага энтузіязму.

«Я думаю, што ўлада цяпер у цяжкім становішчы, і таму становіцца больш гнуткай, але я пакуль бачу толькі дэклярацыі і ня бачу ніякіх крокаў», — сказаў Мілінкевіч у інтэрвію Эўрарадыё.

На думку Мілінкевіча,

«спадар Радзькоў, на жаль, не вырашае сур’ёзныя пытаньні».

«Але калі будуць такія прапановы, я заўсёды буду з задавальненьнем сустракацца. Лічу, што дыялёг вельмі важны», — падсумаваў Мілінкевіч.

АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0