У Клімавічах 25 ліпеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі былую прыёмную маці семярых дзяцей Ірыну Моцную. 

Як паведаміў прадстаўнік групы прыёмных бацькоў у незалежным прафсаюзе РЭП Леанід Скарабагаты, затрыманне адбылося сёння раніцай.

«Ірына Моцная са сваім сынам выехалі сёння з Клімавічаў у Мінск для падачы дакументаў у навучальную ўстанову. Непадалёк ад раённага цэнтра іх спынілі супрацоўнікі ДАІ, якія сказалі ім вяртацца назад», — расказаў Скарабагаты. 

Паводле яго слоў, затым у дом Моцных прыйшлі супрацоўнікі Клімавіцкага РАУС, якія затрымалі і адвялі Ірыну Моцную і яе старэйшага сына ў райаддзел міліцыі. Малодшыя дзеці разбегліся. 

Цяпер усе дзеці знойдзены і іх вязуць у Магілёў у дзіцячы дом, паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Клімавіцкага райвыканкама. 

Больш за месяц таму ў Мінску быў знойдзены павешаным прыёмны бацька Віктар Моцны. Потым раённыя ўлады пазбавілі Ірыну Моцную права апекі над дзецьмі і звольнілі з пасады прыёмнай маці. Аднак яна не згадзілася з такім рашэннем, звярталася ў розныя інстанцыі з просьбай дазволіць далей выхоўваць дзяцей. Раней прыёмная сям'я Моцных лічылася адной з лепшых у Клімавіцкім раёне. 

Ірына Моцная пакуль не адказвае на тэлефонныя званкі. У раённай міліцыі адмовіліся ад каментараў, а ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Магілёўскага аблвыканкама паведамілі, што Моцная была затрымана, бо, не з'яўляючыся прыёмнай маці, спрабавала распараджацца лёсам яе былых прыёмных дзяцей. Цяпер вядзецца разбор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?