Беларуска, якую 4-гадовай дзяўчынкай прадалі цыганам, стала каралевай прыгажосці і адшукала свае карані. «Наша Ніва» знайшла малдаўскага паліцэйскага, які выцягнуў дзяўчыну «з таго свету». 

Падарожжа ў адзін канец

Дзяўчына гадавалася ў нешчаслівай сям'і, дзе злоўжывалі алкаголем, а ў чатырохгадовым узросце яна знікла. Адшукалі Вольгу толькі цяпер.

Як высветлілася, усе апошнія 17 гадоў Вольга жыла ў малдаўскім горадзе Сарокі на мяжы з Украінай. Выхоўвалася яна ў цыганскай сям’і, якая купіла Вольгу ў выкрадальнікаў Ларысы і Васіля, таксама цыганоў.

З Васілём і Ларысай маці Вольгі Тамара Рамановіч пазнаёмілася ў Мінску. Тыя ўгаварылі яе паехаць разам з дзіцём у Малдову. Маўляў, горш там не будзе. У Малдове Тамара пэўны час папрашайнічала. А аднойчы Ларыса і Васіль звезлі Вольгу ў невядомым кірунку. Тамары яны сказалі, што аддалі дзяўчо ў добрую сям’ю.

«Не руская, не цыганка»

4-гадовую дзяўчынку Ларыса і Васіль завезлі ў горад Сарокі. Там Вольгу купіла цыганка Віаара, у якой быў сын, але не было дачкі. Віаара назвала сваю новую «дачку» Марыяй і дала сваё прозвішча Прэйда.

17 гадоў Марыя Прэйда жыла сярод ромаў згодна з іх звычаямі, размаўляла на цыганскай мове. У відэаінтэрв’ю, зробленым супрацоўнікамі беларускага МУС пасля вяртання Вольгі ў Мінск, яна кажа, што не мае прэтэнзій да сваёй цыганскай выхавацелькі, якую кліча «бабуляй», але заўсёды хацела даведацца пра сваё паходжанне, бо «ў цыган я была рускай, а ў рускіх — цыганкай»: «Мяне вельмі любілі ў той сям’і, выхавалі, як змаглі, як сваю! Але гэта пачуццё, калі разумееш, што гэта не тваё, ты сярод іх не такая, як усе, ты іншая! Так, ты жывеш па іх звычаях, размаўляеш, робіш. Але заўсёды перада мной адно пытанне стаяла: «Хто я такая? Адкуль я родам? Як я з’явілася тут?» Мяне гэтыя пытанні заўсёды мучылі і мучаць. Я хацела ведаць, якой бы ні была праўда, кім бы мае бацькі ні аказалася, нават калі яны мяне прадалі».

Знайшлася выпадкова

Вольга прызалася, што нават напісала на «Першы расійскі канал», у тэлеперадачу «Чакай мяне». Аднак там ёй адмовілі ў дапамозе: Вольга занадта мала памятала аб сваім дзяцінстве. Магчыма, Вольга так і не даведалася б пра сябе нічога, але ёй літаральна дапамагло няшчасце.

Вольга пацярпела ад аднаго цыгана. Але на судзе цыганская грамада стала на яго бок, бо ён, у адрозненне ад Вольгі, выглядаў як «свой». Вольга была ў глыбокай дэпрэсіі і хацела скончыць жыццё самагубствам. Дзяўчына наведвала службу псіхалагічнай дапамогі, дзе і расказала пра сваё выкраданне.

Гэтая інфармацыя дайшла да старшыні Інспектарата паліцыі Сарокаў Віктара Рагажынэ, які падзяліўся акалічнасцямі справы з «НН»:

Інспектар паліцыі Віктра Рагажынэ.

Інспектар паліцыі Віктра Рагажынэ.

«Я сустрэўся і пагутарыў з Вольгай. Яна тады назвалася Марыяй. «Бабуля» перад смерцю расказала ёй, што нібыта яе скралі ў Каўнасе. Таму адразу мы пачалі правяраць «балтыйскую» версію па лініі Інтэрпала. Аднак, вядома ж, нічога не знайшлі.

Марыя таксама ўзгадала, што яе сапраўднае імя зусім не Марыя, а Вольга. Ёй было 4 гады, калі яна трапіла да цыганоў, і сваё імя яна ўжо памятала».

Дзесяць гадоў ніхто не шукаў

Валеры Рагажынэ кажа, што адзін з яго супрацоўнікаў абсалютна выпадкова ўбачыў інтэрпалаўскую картку з Мінска:«Паводле арыенціроўкі расшуквалася Вольга Рамановіч, якая знікла ў 1997 годзе. Я звязаўся з начальнікам галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Уладзімірам Захарчуком, зрабіў запыт аб справе Рамановіч.

У Вольгі быў фотаздымак, зроблены праз два месяцы пасля яе прыбыцця ў Малдову. Фотаздымак перадалі беларускім калегам, і родная цётка Вольгі пазнала яе. Тады я асабіста звазіў Вольгу ў Мінск, дзе зрабілі генетычную экспертызу. Тэст ДНК пацвердзіў, што яна — гэта яна».

Нягледзячы на шчаслівы фінал, Рагажынэ абураецца дзеяннямі беларускай міліцыі ў 1997 годзе: «Цяпер ваша міністэрства спрацавала добра. Але ўявіце сабе, што дзесяць гадоў дзяўчынку ніхто не шукаў! Калі маці Вольгі Тамара вярнулася ў Беларусь, яна напісала заяву ў міліцыю. Але там яе адмовіліся прымаць!

Затым, наколькі мне вядома, Тамара нарадзіла двух сыноў. Потым яшчэ аднаго, якога пакінула ў раддоме. Гэтага трэцяга сына ўсынавіла нейкая сям’я, здаецца, дастаткова заможная. Пасля яны ўсынавілі і двух старэйшых сыноў, бо Тамару на той час ужо пазбавілі бацькоўскіх правоў. Ад іх у 2007 годзе, то бок праз дзесяць гадоў, і даведаліся аб існаванні яшчэ аднаго дзіцяці. Мабыць, яны хацелі ўзяць і дзяўчынку, але аказалася, што яна знікла ў 1997-м.

Тады прыёмныя бацькі Вольжыных братоў паставілі міліцыю на вушы, прымусілі прыняць заяву аб знікненні чалавека, абвесціць Вольгу ў вышук праз Інтэрпал. Але ведаеце, ад беларускага боку з 2007 па 2014 год аб Вользе паступіў усяго адзін запыт».

«Не дадуць кватэру — забяром назад»

Цяпер Вольга знаходзіцца ў Мінску. Зняць кватэру і купляць прадукты ёй дапамагае Беларускае таварыства чырвонага крыжа. Вольга не хоча размаўляць з журналістамі, бо ў яе ўсе ўжо «тыкаюць пальцамі». Што Вольга збіраецца рабіць далей, пакуль невядома.

У інтэрв’ю МУС яна казала, што хацела б вучыцца: «Я спа-дзяюся, што цяпер ўладкуюся, буду вучыцца таму, што мне падабаецца. Бо тут я вучылася, проста каб вучыцца. Я хацела б стаць доктарам. Але не было ўмоў, бо цыган не вучаць, не пускаюць вучыцца. Бабуля казала: «Не трэба вучыцца, ідзі гандлюй лепш!» Я да яе прыслухалася. А каго мне было слухаць?»

Вольга ўзгадала, што лепшым момантам яе жыцця была перамога ў конкурсе «Міс Сарокі» ў гэтым годзе. Мясцовы тэлеканал у рэпартажы аб конкурсе назваў пераможцу «цыганкай».

Вольга ўзгадала, што лепшым момантам яе жыцця была перамога ў конкурсе «Міс Сарокі» ў гэтым годзе. Мясцовы тэлеканал у рэпартажы аб конкурсе назваў пераможцу «цыганкай».

Аднак Рагажынэ незадаволены падобнымі дзеяннямі беларускіх калег: «Я прасіў, каб не было ніякіх інтэрв’ю. Бо дзяўчыне цяпер цяжка. У дадзены момант галоўнае, каб ваш прэзідэнт даў ёй кватэру, каб было дзе жыць. У яе цёткі свая сям’я, ёй не да Вольгі цяпер. Калі ў Вольгі не будзе жылля, мы забярэм яе назад у Малдову, уладкуем тут. Бо гэта ж цуд! Такіх людзей, як Вольга, удаецца расшукаць мо аднойчы ў сто гадоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?