На ўсе закіды пра беларускае «Тату» Руся адказвае: наш тэкст больш інтэлектуальны.

Доўгачаканы самотнік ад гурту, які за нейкія два гады рвануў з катэгорыі «таленавітыя дэбютанты» ў першы эшалён беларускага року. На дыску ўсяго два арыгінальныя трэкі (і яшчэ колькі рэміксаў), аднак яго варта паслухаць. Каб пачуць кранальны дуэт Русі ды Ігара Варашкевіча ў загалоўнай песьні. Каб пабачыць, у які бок рухаюцца колішнія пераможцы «Басовішча». «Indiga» адказна падышлі да запісу, выклаўшы амаль дзьве тысячы даляраў, таму заганаў тут не адшукаеш. У ангельскамоўнай «Honey goes down» пяецца пра каханьне між дзьвюма дзяўчынамі – тэма, якая ў беларускім року дагэтуль не ўздымалася. На ўсе закіды пра беларускае «Тату» вакалістка Руся толькі адказвае: той, хто ведае ангельскую мову, зразумее, што наш тэкст куды больш інтэлектуальны. Новы дыск «Indiga» выйшаў добрым пацьверджаньнем статусу Русі як новай рок-князёўны.

Песьня «Honey goes down», як і «Заенька», сустракаецца на дыску ў некалькіх клюбных апрацоўках. Трэкі ў стылістыцы «smooth passion» і «spaceman» былі зробленыя ды-джэямі з Аўстрыі, дзе гурт па хуткім часе будзе канцэртаваць.

У якасьці рэклямнай фішкі «індыганы» скарысталі... Азаронка: на карэньчыку дыска надпіс па-ангельску: «Ухвалена стваральнікамі фільму «Духоўная вайна».

Рэкамэндуецца ўсім прыхільнікам электроннай музыкі і сучаснага беларускага року.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0