Мэр Полацку Ўладзімер Тачыла пастанавіў, што правядзеньне фэсту «Рок-кола» у горадзе больш немэтазгодна. Стваральнік і дырэктар «Рок-Кола» Сяргей Анішчанка: «Цяпер у родным горадзе я ізгой».

Гарадзкое начальства Полацку на адной з сваіх нарадаў паслухала начальніка полацкай міліцыі Мікалая Асушчэнку і пастанавіла: «Рэкамэндаваць адказным асобам, што адказваюць за духоўнае выхаваньне моладзі ўстрымацца ад правядзеньня падобных мерапрыемстваў» (як фэст «Рок-Кола»). У дырэкцыі фэстывалю кажуць: «Самае цікавае, што няма прычыны па якой прычыне забаранілі наш фэстываль».

Са словаў прадусара «Рок-Кола» Аляксандра Рагачова, «абстаноўка ў горадзе падчас правядзеньня апошняга фэсту была болей чым спакойная» — алькаголю ў палацы культуры, дзе праходзілі канцэрты, не прадавалася, ніякіх боек не было, у выцьвярэзьнікі ня трапіў ніхто з рокераў. Адзінае, што на адным з будынкаў гораду зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. «Пэўна, што трэба было гэта на кагосьці павесіць», -- мяркуюць у дырэкцыі «Рок-Кола». Цікава, што надпісы «Жыве Беларусь!» у Полацку зьявіліся і 7 лістапада, калі фэстываль даўно прайшоў.

У сувязі з гэтымі падзеямі заснавальнік і дырэктар «Рок-Кола» Сяргей Анішчанка мяркуе звольніцца з пасады рэжысэра палаца культуры «Полацак-Шкловалакно». «Я аказаўся ізгоем, мне зьнізілі заробак і я тут больш не зраблю ні фэстываль, ні нават проста канцэрт «Крамы». Буду зарабляць іншым, лепш у мастакі пайду», -- кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?