Баба Маруся была тая яшчэ пісьменніца. Сюжэт, драматургію, вартага героя і трапную дэталь вылоўлівала з прасторы вокамгненна, пару хвілінаў разважала, смакавала, нанізвала дакументальную праўду на мастацкую выдумку, спрабавала нават на голас — і на табе, вось гатовая гісторыя ўжо трымціць пад сэрцам, просіцца на волю, а як вырвецца, квітнее? раскошнымі фарбамі на летнім санцапёку.

Яе гісторыі, расказаныя смачнай трасянкай, складаюць мой асабісты залаты фонд беларускай літаратуры, маю спадчыну.

Вiка i мiлiцыянер

Ты пытаешся, як там Вiка? Нармальна Вiка. Сыночка нарадзiла, у Рэчыцы жыве. Бацька iхны, праўда, кiнуў iх, Вiка адна малога росцiць. Спрабавала яна на работу ўстроiцца, хацела ў прасцiтуткi пайсцi. Ага… Пайшла яна туды на сабяседаванне, ну, туды, дзе там хто ў прасцiтуткi гэтыя набiрае, але ж не прынялi яе, сабяседаванне яна не прайшла. Рашыла яна тады закончыць жыццё самаўбiйствам. Пазванiла ў мiлiцыю i кажа: прыходзьце да мяне, пажалуйста, я тут жыццё самаўбiйствам буду заканчываць, дык за сынам маiм прысматрыця. Ну, мiлiцыянер ёй кажа: пачакайце, жэншчына, пакуль што самаўбiйствам жызнь не канчайце, я зараз прыйду. Прыйшоў, пагаварыў з Вiкаю, ну, яна i перадумала. Работае там дзесьцi ў Рэчыцы цяпер…

Пластмасавае сэрца

Ты ж ведаеш, Анька, Балабінчыкаў тых, з-пад Барца? У iх яшчэ стагi сена леташнiя стаяць, гнiюць. Гэты ж Балабінчык таксама iнвалiд. Наш дзедушка iнвалiд, i ён. Толькi наш дзед настаяшчы iнвалiд, а пра Балабінчыка я табе раскажу. Празналi яны, што iнвалiдам i сена бясплатна даюць, i льготы ўсякiя, i пенсiя ў iх большая. I сталi яны думаць, як бы i iм iнвалiдамi здзелацца. Ага, думаюць, трэба з дактарамі пасаветавацца. Павезлi у Рэчыцу да ўрачоў яечкi, мяса, кабана спецыяльна забiлi, падаркi ўсякiя. Думалi ўрачы, думалi, што з Балабінчыкам рабiць, i прыдумалi: уставiлi яны яму пластмасавае сэрца, зашылi ў грудзi i напiсалi, што iнвалiд. Ты чуў, ты бачыў, што прыдумалi? I цяпер iм i сена, i пенсiя, i забор калхоз пакрасiў. А наш дзедушка так i не папросiць нiчога нiколi, хоць i самы настаяшчы iнвалiд.

Дамова з Богам

Цi веру я ў Бога? Не знаю, унучачка. Калi ён есць, дак у мяне ж у кожным куточку iконы паразвешаны, у ручнiчках, усе як трэба… А калi яго няма, дык iконы ж тыя есцi не просяць…..

Правiльнае пахаванне

Э-э-э, Анька, пра Васiля ты пытаешся…. Памёр летась Васiль. Пайшоў кароў пасвiць ды i ўпаў там. Вечарам каровы iдуць, а пастуха няма. Маня, жонка ягоная, пабегла на поле, а ён ляжыць. Яна думала, ён п'яны, а ён мёртвы. Ну, паклiкала мужыкоў, прывезлi яго… Ага… Пахароны Маня харошыя здзелала, очэнь харошыя… I стол накрыла, людзей назвала, багата так усё… Ну, i прычытала яна над гробам тожа хораша, так: (прыпамiнае, дзелавiтым тонам) ах ты ж мой Васiлёчак…. на каго ж ты мяне пакiнуў…. як жа ж я цяпер без цябе… Карацей, хораша так прычытала, правiльна, маладзец.

Былі сярод яе гісторый і трагічныя.

Пра мамку

Калі вашага дзедушку на вайне параніла, ён ляжаў у госпіталі. Бацька іхны таксама на фронце быў. А мамка з шасцёрамі дзецьмі — ва Унорыцы бедавала. І вось памірае яна ад тыфу. І дзеці застаюцца адныя: Акуліна старэйшая, ёй пятнаццаць год, і малыя, самай малодшай, Марыйцы, тры. Есці няма чаго, надзець няма чаго, малыя плачуць. І тады Акуліна стала хадзіць з імі на мамкіну магілку. Утрам устануць, пакорме яна іх што там знойдзецца, возьмуцца за ручкі і ідуць чэраз усю дзярэўню на кладзьбішча. Там ля мамкі сядуць, Акуліна ім песенькі пяе, валосікі расчэсвае, нейкую траўку рвуць. Як вечар — апяць за ручкі бяруцца і дамой ідуць. І так кажны дзень. Хто глядзеў —ва ўсіх сэрца рвалося. Тады напісалі на фронт бацьку. І яго ў сорак чацвертым адпусцілі дамой, каб дзяцей ужо глядзеў.

***

Яна любіла сюжэты і ў жыцці. Зрабіць з чарговага пазачарговае, са звычайнага — авантурнае, са штодзённага — неверагоднае было для яе ўлюбёнай справай. Аднойчы, памятаю, баба Маруся таемным шэптам паклiкала мяне з хаты ў агарод. Зайшлi мы за хлеў, у высокую зелянiну. Тут баба раптам скiнула з сябе мурзатую хатнюю сукенку, вокамгненна нырнула ў святочнае ўбранне, сунула старое адзенне мне ў рукi i зашаптала:

— Праз тры гадзiны вынесеш мне гэтае сюды ў гарод. Хацiм з дзеўкамi троху пасядзець, суседа нашага прыгласiлi, стол накрылi… Я халоднае ўзяла, агурочкаў, рыбы той з халадзiльнiку, тут во, у батве схавала. Дзеду нiчога не гавары, я не хачу, штоб ён знаў. Калi запытае, скажаш, што травы пайшла свiнням рваць.

Дзед мой быў чалавек надзвычай міралюбівы, дарэчы.

***

Пасля пнеўманіі ляжала мая баба зусім слабая. За восемдзесят шэсць год яна не хварэла ніколі, гэта была першая і апошняя яе хвароба: калі летась па Беларусі прайшоўся Хаўер, закідаўшы агароды снегам і затрымаўшы пасяўную, баба Маруся, босая, у адным амаль што халаціку, пасадзіла пад лапату сотку ранняе бульбы.

Я сядзела побач з ложкам, пільна ўглядаючыся ў выпіску з гісторыі хваробы, і намагалася адшукаць хоць якую-небудзь надзею ў пераліку дыягназаў і лекаў. І раптам пабачыла дадзеныя пры паступленні ў бальніцу: рост — 149. А я і не заўважала, что баба мая — такая маленькая. Каб троху павесяліць даражэнькую хворую, якая ўжо і не ўставала, і не размаўляла амаль, кажу:

— Ой, бабуля, а што гэта вы ў нас, такая маленькая заўсёды былі? Ці стапталіся за жыццё?

Баба Маруся нават прыўзнялася. Подых сюжэта калыхнуў фіранкі на вокнах.

— Заўсёды была, унучачка. Заўсёды была маленькая. З-за гэтага я і за дзедушку вашага замуж пайшла. У мяне ж кавалераў многа было. Надта многа. А толькі ўсе яны гаварылі мне: харошая ты, Маруся, а толькі нам па росце не падыходзіш. А дзедушка ваш на адной назе з фронта прыйшоў, якраз яму маленькая дзевачка была патрэбна.

* * *

Тры бабіны сыны не адыходзілі ад яе ложка да самага канца. Гатавалі ёй прысмакі, якіх яна не магла есці, прычэсвалі сівыя валасы, пад рукі вадзілі паглядзець у акно на Дняпро…

Апошнія словы яна сказала сярэдняму:

— Дзяржы мяне за рукі, глядзі мне ў вочы.

Яна ўмела рабіць моцны фінал.

* * *

Ганна Севярынец нарадзілася ў Мінску. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Выкладчык, журналіст. Аўтар праекта «Аксамітавая Беларусь» на беларускім жаночым партале Velvet.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?