Апошні маршрут борта 230B.

Апошні маршрут борта 230B.

Амерыканскі выведнік RC-135 абрысам падобны да «Боінга», але не мае ілюмінатараў.

Амерыканскі выведнік RC-135 абрысам падобны да «Боінга», але не мае ілюмінатараў.

Лётчык Генадзь Асіповіч, які збіў «Боінг» з 269 пасажырамі.

Лётчык Генадзь Асіповіч, які збіў «Боінг» з 269 пасажырамі.

«У ноч з 31 жніўня на 1 верасня г. г. самалёт нявысветленай прыналежнасці з боку Ціхага акіяна ўвайшоў у паветраную прастору над паўвостравам Камчатка, затым другі раз парушыў паветраную прастору СССР над в.Сахалін. Пры гэтым самалёт ляцеў без аэранавігацыйных агнёў, на запыты не адказваў і на сувязь з радыёдыспетчарскай службай не выходзіў.

Паднятыя насустрач самалёту-парушальніку знішчальнікі СПА спрабавалі дапамагчы вывесці яго на найбліжэйшы аэрадром. Аднак самалёт-парушальнік на сігналы і папярэджанні савецкіх знішчальнікаў не рэагаваў і працягваў палёт у бок Японскага мора».

Такое паведамленне ТАСС (Тэлеграфнага агенцтва Савецкага Саюза) з’явілася ў савецкіх газетах 3 верасня 1983. За ім — падзея, якая прывяла да новага вітка «халоднай вайны», параўнальнага з Карыбскім крызісам. А тады, нагадаем, ледзь не пачалася вайна атамная.

Накручаныя нервы

Адбылося «жахлівае непаразуменне, памножанае на атмасферу «халоднай вайны», як пісалі пасля.

Напярэдадні, у 1981, прэзідэнтам ЗША быў абраны Рональд Рэйган, які бачыў сваёй гістарычнай місіяй перамагчы «імперыю зла» — Савецкі Саюз. (Выраз «імперыя зла», дарэчы, таксама прыдумаў ён.) Калі пасаду генеральнага сакратара ЦК КПСС заняў Юрый Андропаў, былы кіраўнік савецкага КГБ, савецка-амерыканскія адносіны дасягнулі надзвычайнага напружання. СССР ладзіў ядзерныя выпрабаванні, амерыканская авіяцыя і флот рызыкоўна набліжаліся да савецкіх межаў на Далёкім Усходзе і ладзілі вучэнні ў нейтральных водах.

Пасля таго, як шэсць амерыканскіх штурмавікоў прайшлі на брыючым палёце над Курыламі, СССР выйшаў з перамоваў па абмежаванні колькасці ракет сярэдняй дальнасці ў Еўропе і зладзіў вучэнні «Шчыт-82», якія на Захадзе назвалі «сямігадзіннай ядзернай вайной».

Нервы бакоў былі накручаныя. І здарылася трагедыя.

Адхіленне аўтапілота

Пасажырскі «Боінг-747-230B» авіякампаніі Korean Air ляцеў з Нью-Ёрка ў Сеул. На борце былі 269 чалавек — 23 члены экіпажа і 246 пасажыраў з розных краін: Паўднёвай Карэі, ЗША (у тым ліку — кангрэсмен Лары Макдональд), Японіі, Тайваня, Філіпінаў.

1 верасня каля 6 раніцы «Боінг» быў збіты савецкім знішчальнікам. Усе, хто быў у ім, загінулі.

Нагодай для атакі на самалёт грамадзянскай авіяцыі стала адхіленне ад курсу. Калі «Боінг» пакідаў тэрыторыю ЗША, яно складала ўсяго 20 кіламетраў на паўночны захад. Экіпаж проста паставіў самалёт на аўтапілот і не звяраўся з яго паказнікамі. На момант гібелі адхіленне складала ўжо 500 км.

У 4 гадзіны 51 хвіліну самалёт увайшоў у савецкую паветраную прастору і пайшоў над Камчаткай, дзе знаходзілася сакрэтная ракетная база СССР. Шэсць савецкіх МІГ-23 падняліся на перахоп і правялі самалёт да мяжы савецкай паветранай прасторы. Калі ж а 6 раніцы «Боінг» зноў увайшоў у савецкую зону каля Сахаліна, было вырашана збіць «падазроны самалёт».

Цікавасць заходняй выведкі да гэтага рэгіёна саветам бачылася лагічнай: СССР напярэдадні зладзіў выпрабаванне новай ракеты класу SS-25. Запушчаная з палігона ў Плясецку, яна мусіла трапіць у цэль на Камчатцы. Саветы адрапартавалі пра паспяховы пуск ракеты, і заходнікам, безумоўна, хацелася праверыць гэтую інфармацыю.

Знішчальнікаў не вучылі

Як тлумачыў пасля выканаўца, лётчык знішчальніка Су-15 Генадзь Асіповіч, яго камандзіры лічылі, што перад імі — амерыканскі выведнік RC-135. Абрысам RC-135 сапраўды падобны да «Боінга». Сітуацыю ўскладняла і тое, што, як прызнаўся Асіповіч, савецкіх лётчыкаў… не вучылі адрозніваць заходнія самалёты грамадзянскай авіяцыі. Ён проста не ведаў, як выглядае цывільны «Боінг».

Лётчык казаў, што за чатыры хвіліны да знішчэння даваў «неапазнанаму аб’екту» сігналы бартавымі агнямі і рабіў папераджальныя стрэлы. Аднак, паколькі ён ішоў за «Боінгам», сігналы было б заўважыць цяжка. Дый страляў, не меўшы трасіруючых зарадаў, якія свецяцца, звычайнымі. Нават калі былі папярэджанні, экіпаж іх мог проста не заўважыць. Гэта ўскосна пацвярджаюць запісы з «чорных скрынак»: да самай ракетнай атакі экіпаж «Боінга» не падазраваў, што жыць засталося секунды.

«Боінг» ляцеў з «мігалкай»

Толькі з гадамі лётчык Асіповіч прызнаўся, што бачыў: самалёт ішоў з «мігалкай» — адзнакай грамадзянскай авіяцыі. Бачыў, як свецяцца два шэрагі ілюмінатараў. Людзей за імі Асіповіч не разгледзеў — «не дужа і пабачыш з трохсот метраў». Пазней, прызнаўся лётчык, калі яны «карэкціравалі перамовы з зямлёй» (гэта значыць, фальсіфікавалі доказы трагедыі), ён сказаў на мікрафон, што мігалка не гарыць.

Яшчэ адным ускосным доказам «віны» палічылі тое, што «Боінг» пачаў зніжаць хуткасць (знішчальнік не можа ляцець павольней, чым 400 км/г — ён валіцца ў штопар). Цяпер лічыцца, што карэйскі самалёт запаволіўся, рыхтуючыся набіраць вышыню.

Камандзіры Асіповіча далі загад страляць. Збіты дзвюма ракетамі, «Боінг» з вышыні 9000 метраў упаў у мора каля вострава Манерон. Усе, хто быў у самалёце, загінулі.

Ні ў чым не прызнавацца і валіць на Амерыку

У той самы дзень навіна пра збіты пасажырскі самалёт стала вядомая Палітбюро. Савецкія лідары былі ў разгубленасці і не ведалі, што сказаць — таму ТАСС абмежаваўся двухабзацавым паведамленнем пра тое, што ля савецкіх межаў бачылі разведвальны самалёт, далейшы лёс якога невядомы. Аднак савецкія грамадзяне, якія чыталі паведамленні ТАСС між радкоў, зрабілі з выразу «адбыў у бок Японскага мора» змрочны афарызм.

Трагедыю самалёта разглядалі на пазачарговым пасяджэнні Палітбюро. Яно праходзіла без удзелу Андропава, які адправіўся лячыцца і, варта адзначыць, больш да поўнага выканання абавязкаў ужо не вярнуўся.

Першы намеснік міністра замежных спраў СССР Георгій Карніенка прапанаваў Палітбюро прызнаць «трагічную выпадковасць» і выбачыцца перад сем’ямі ахвяраў і ўрадамі краін, грамадзянамі якіх яны былі. Карніенка прапанаваў таксама віну ўскласці на амерыканскі бок: маўляў, трагедыю справакавалі пастаянныя палёты разведвальных самалётаў ЗША ўздоўж мяжы. Але больш пераконлівым Палітбюро падаўся міністр абароны маршал Усцінаў, які даводзіў, што трэба цалкам адмаўляць віну СССР у гібелі карэйскага «Боінга».

9 верасня савецкі маршал Агаркаў прызнаў, што самалёт быў збіты, аднак да канца СССР вайскоўцы стаялі на тым, што гэта быў разведчык, а пра лёс пасажырскага яны не ведаюць. Лётчык Асіповіч увогуле быў пэўны, што «пасажырскі збілі амерыканцы».

Прэса вольнага свету ў першыя ж дні апублікавала праўду. У Сеуле прайшлі антысавецкія дэманстрацыі са спаленнем чырвоных сцягоў.

***

Хвалі выкінулі на берагі Сахаліна і Манерона больш за 200 прадметаў абутку, асабістых рэчаў, якія апазналі сваякі загінуўшых пасажыраў «Боінга» з Японіі і ЗША. Тое, што не знайшлі целаў, давала падставу для прапагандысцкіх спекуляцыяў — канспіролагі пісалі, што самалёт быў пусты або што ён сеў на савецкай тэрыторыі і ўсіх яго пасажыраў адправілі ў лагеры. Зрэшты, як можна сцвярджаць, што целаў не было? Калі ўлічыць, што крушэнне адбылося ў савецкіх тэрытарыяльных водах, а пасля быў загад схаваць канцы фатальнай памылкі ў ваду?

Поўнае аб’ектыўнае расследаванне спецыялісты ІСАО змаглі правесці толькі праз 10 гадоў — у 1993, калі па загадзе прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына «чорныя скрынкі» былі перададзеныя міжнародным спецыялістам. Кожная таямніца ўрэшце раскрываецца, як бы ні хацелася яе схаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?