Ігар Ляшэнка

Ігар Ляшэнка

Кіраўніком Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі прызначаны Ігар Ляшэнка, які раней займаў пасаду першага намесніка старшыні «Белнафтахіма».

Згоду на яго прызначэнне даў 28 ліпеня Аляксандр Лукашэнка. 

Нагадаем, былы старшыня «Белнафтахіма» 73-гадовы Ігар Жылін быў звольнены пастановай Савета міністраў № 631 ад 30 чэрвеня «Аб вызваленні і прызначэнні некаторых службовых асоб». З пяці чалавек, вызваленых ад пасад, толькі ў Жыліна не ўказвалася прычына звальнення. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у дачыненні да чыноўніка Генпракуратура распачала справу на падставе артыкула 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі), ён знаходзіцца пад вартай. Ніякіх афіцыйных каментарыяў на гэты конт няма.

Сустракаючыся сёння з Ігарам Ляшэнкам і кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Андрэем Кабяковым, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Я хацеў бы пачуць, што сёння адбываецца ў «Белнафтахіме», якая там сітуацыя. Кіраўніка з-за вядомых прычын там няма, але гэта яго праблемы. Я ўсіх папярэджваў, што дараваць нікому не буду, калі людзі паводзяць сябе непрыстойна і глядзяць у дзяржаўную кішэнь, нічога туды не паклаўшы, гэта грамадству вядома». 

Лукашэнка пацікавіўся найперш эфектыўнасцю працы падведамасных «Белнафтахіму» прадпрыемстваў і кадравымі пытаннямі. Ён падкрэсліў, што прадукцыя, якая выпускаецца арганізацыямі канцэрна, фарміруе значную частку ВУП Беларусі. «Вельмі магутная арганізацыя. Таму мяне трывожыць праца гэтага канцэрна, хоць для працы прадпрыемстваў усё ёсць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Кабякоў паведаміў, што «Белнафтахім» галоўным чынам спраўляецца з заданнямі па выкананні асноўных эканамічных паказчыкаў. Рэнтабельнасць канцэрна складае 13,5% пры заданні на 2014 год у 9,8%, а суадносіны запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці — крыху больш за 21% пры заданні 24%. 

У той жа час, дадаў Кабякоў, канцэрн «пакуль трохі недабірае» па экспарце вырабленай прадукцыі, які ў першым паўгоддзі склаў 99% да аналагічнага перыяду мінулага года пры заданні 102,6%. 

***

Новы кіраўнік «Белнафтахіма» Ігар Ляшэнка нарадзіўся 5 лістапада 1974 года. Скончыў эканамічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Са студзеня 1997 года працаваў на ААТ «Гомельскі хімічны завод» на пасадзе інжынера аддзела маркетынгу, затым — начальніка планава-эканамічнага аддзела. У 2006 годзе стаў гендырэктарам гэтага прадпрыемства. У верасні 2013 года быў прызначаны на пасаду першага намесніка старшыні канцэрна «Белнафтахім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?