Грамадскі актывіст Аляксандр Макаеў арыштаваны на 15 сутак. Такое рашэнне вынес суд Маскоўскага раёна Мінска 28 ліпеня, паведаміла праваабаронца Юлія Сцяпанава.

Макаеў абвінавачваўся па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: «Дробнае хуліганства» (артыкул 17.1) і «Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі» (артыкул 23.4). Па кожным з артыкулаў Макаеву прызначылі 10 сутак арышту. Выніковы тэрмін быў вызначаны шляхам частковага складання пакаранняў. Рашэнне было вынесена суддзёй Сушко.

Грамадскага актывіста абвінавацілі ў тым, што ён лаяўся матам і не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, сказала Сцяпанава. Адзіным сведкам быў супрацоўнік міліцыі Язэпаў.

Як раней паведамляў БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу, Макаеў быў затрыманы ўвечары 27 ліпеня пасля штогадовай малітвы за палітвязняў каля касцёла Святых Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці. Паплечнікі Макаева звязваюць яго затрыманне з тым, што ў часе малітвы ён трымаў бел-чырвона-белы сцяг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?