Наталка Бабіна пабывала на выставе рассакрэчаных дакумэнтаў аб Галадаморы. Выстава падрыхтаваная Службай бясьпекі Ўкраіны і будзе экспанавацца ў Музэі гісторыі і культуры да 30 лістапада.

Выстава архіўных дакументаў “Разсакрэчаная памяць”, прысьвечаная Галадамору ва Ўкраіне у 1932-1933 гадах, уражвае многім.

Тым, што ТАКОЕ магло быць.

Што гэта зрабілі НАЎМЫСНА.

Што выставу пра тыя падзеі зладзіла украінская Служба Бясьпекі – аналяг нашага КДБ.

Рэгулярныя цікавыя выставы – моцны бок Музею гісторыі і культуры. Звычайна ходзіш на іх зь вялікім задавальненьнем, а на гэтую я ішла літаральна са страхам. Я баялася, ці вытрымаю. Прыкладна ўяўляла, што пабачу, і рыхтавала сябе. Вядома, гэта цяжка. Ёсьць мяжа, за якой не хачацца гаварыць. Такой мяжою для мяне на выставе стаў пратакол допыту сялянкі, у якой дзіця памерла ад голаду. Яна закапала яго цельца на агародзе, а на другі дзень дастала зь зямлі...

Але цьвёрда параджу ўсім паглядзець гэтую выставу.

Выставу арганізавала Служба бясьпекі Ўкраіны. Тут прадстаўлены толькі дакумэнты, якія захоўваліся пад грыфам “сакрэтна”, а таксама схаваныя дакумэнты. Фатаграфіі, якія часьцей за ўсё рабіліся схавана, бо за іх можна было трапіць у турму, дзёньнікі, за якія траплялі у турму, вершы на пажоўклых лісточках, за якія траплялі ў турму... Справаздачы мясцовых органаў (колькі хлеба забралі, колькі чалавек памёрла, колькі пасадзілі), пратаколы допытаў... Законы, апублікаваныя ў тагачасных газетах... Пранізлівыя сьведчаньні.

Пазнаёміцца з выставай мне дапамагаў спадар Аляксандар Ішчук, супрацоўнік дзяржаўнага архіву СБУ, які непасрэдна яе рыхтаваў.

— Як вы выносіце гэтую працу? Зь якім пачуцьцём адбіралі дакументы? – спытала я яго.

— З пачуцьцём, што гэта наша гісторыя. Гісторыя, якую ад нас вельмі хавалі. Але мы павінны данесьці праўду да людзей. У грамадзтве ёсьць пэўны давер да органаў бясьпекі.

Ці дачакаемся, што КДБ Беларусі падрыхтуе выставу, прысьвечаную Курапатам?

На ўкраінскую мову сп. Ішчука паступова падцягаліся іншыя наведвальнікі выставы. Пажылая жанчына, сп. Галіна Ткачэнка, дзед з бабуляй якой пад час голаду жылі ў Палтаўскай вобласьці, урушаная пабачаным, стала расказваць пра тое, што чула ад іх: як забіралі са стала апошні гаршчэчак з фасоляй, як ляпалі ад ветру дзьверы хат у вёсцы – ніхто не ацалеў, як галодны хлопец прасіў хоць нешта паесьці, але нічога не было, і ён памёр на вачох дзеда, як звар’яцела і пайшла ў сьвет суседка, пакінуўшы ў хаце маленькага сына. Як дзед узяў хлопчыка да сябе, і як, упаўшы, цалавала яго ногі суседка, калі вярнулася: яна выжыла, і сын яе выжыў... Як потым адзін з дзедавых сыноў ажаніўся ў дачкой таго чалавека, які забіраў апошні гаршчэчак фасолі... “Послухайтэ, послухайтэ”, -- яна кратала за рукаў сп. Ішчука і ўсё расказвала, расказвала.

Той папрасіў яе запісаць аповед: адна з мэт выставы -- працяг збору сьведчаньняў пра той жудасны час.

Я разглядала твары на фатаграфіях. Усё пра чалавека напісана на яго твары, і ўсё можна пабачыць адразу. Твары сялян, такія значныя і магутныя, твары партыйных лідэраў. Чэкісты. Касіёр. Дзеці, якія на каленьках зьбіраюць мерзлую бульбу і... сьмяюцца. Голад ня можа адолець сілу шчасьця дзяцінства... Я разглядала фатаграфіі і думала: такіх твараў зараз няма. Мы, людзі нашага часу, абсалютна іншыя. І сяляне, і партыйныя лідэры, і чэкісты, і дзеці. Чаму мы іншыя? Для сябе я знайшла адказ.

Зазірніце і вы ў гэтыя твары. Проста ідзіце і глядзіце.

Выстава прайшла ў Кіеве і ва ўсіх абласных гарадах Украіны. За гэты час яе паглядзелі 80 000 чалавек. У Маскве яна пацярпела ад нападу маладзёнаў з “Еўразійскага саюзу моладзі”, якія зрывалі і тапталі нагамі стэнды з фатаграфіямі людзей, памерлых ад голаду. У Менску выстава арганізавана дзякуючы пасольству Украіны, дырэкцыі музэю і ўкраінскай дыяспары. Працягнецца да 30 лістапада.

Дакумэнты, якія захоўваюцца ў архіве СБУ і ўвайшлі ў экспазыцыю, можна пабачыць і ў Інтэрнэце.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?