25.11.2007 / 14:33

25 лістапада — дзень нараджэньня Казуліна 3

25 лістапада лідэру Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), экс-кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандру Казуліну спаўняецца 52 гады.

25 лістапада лідэру Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Аляксандру Казуліну спаўняецца 52 гады.

Аляксандр Казулін нарадзіўся 25 лістапада 1955 года ў Мінску. Прафесар, доктар навук, акадэмік Акадэміі адукацыі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы, ганаровы прафесар Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М.В.Ламаносава, віцэ-прэзідэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў. Адзін з аўтараў закона "Аб адукацыі Рэспублікі Беларусь".

У 1996 годзе А.Казулін быў прызначаны рэктарам БДУ, а ў 2000-м — абраны на гэту ж пасаду большасцю Аб'яднанага савета універсітэта ў складзе прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу, навуковых супрацоўнікаў, аспірантаў і студэнтаў.

У 2003 годзе А.Казулін быў звольнены ў сувязі з крымінальнай справай, што была заведзена ў адносінах да службовых асоб прадпрыемства "Унікаштмет БДУ". Спачатку ён праходзіў па справе ў якасці падазронага, аднак неўзабаве абвінавачанні з былога рэктара былі знятыя.

У 2006 годзе балатаваўся на пасаду прэзідэнта Беларусі і запомніўся выбаршчыкам рэзкімі выказваннямі на адрас дзейнай улады.

25 сакавіка быў затрыманы ў час масавай акцыі з нагоды святкавання гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску.

13 ліпеня 2006 года суд прызнаў А.Казуліна вінаватым у "наўмысных дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, <...> які суправаджаецца прымяненнем насілля і знішчэннем чужой маёмасці", а таксама ў "арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўніка ўлады, што пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, і актыўным удзеле ў такіх дзеяннях". Палітыка прыгаварылі да пазбаўлення волі на пяць з паловай гадоў. Пакаранне ён адбывае ў віцебскай папраўчай калоніі агульнага рэжыму "Віцьба-3".

З 20 кастрычніка па 11 снежня 2006 года А.Казулін праводзіў у калоніі галадоўку з мэтай прыцягнуць увагу Савета бяспекі ААН да сітуацыі ў Беларусі. Гэта мэта была дасягнута — па ініцыятыве ЗША беларускае пытанне абмяркоўвалася Саветам бяспекі ААН. "Міжнародная амністыя" аб'явіла А.Казуліна палітзняволеным.

Згодна з апытаннем Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс, Літва), што праводзіўся ў маі 2007 года, 34,9% грамадзян Беларусі лічаць, што А.Казулін асуджаны па палітычных матывах і павінен быць вызвалены.

Цяпер у калоніі "Віцьба-3" знаходзіцца сям'я Аляксандра Казуліна — родным дазволена доўгатэрміновае (трохдзённае) спатканне са зняволеным.

0
обезбашеный КХПист / Адказаць
25.11.2007 / 15:33
Віншуем!!!
0
xakepster / Адказаць
25.11.2007 / 20:12
Віншуем, правялі акцію на Кастрычніцкай=)... Карацей зноў РОВД=)
0
25.11 / Адказаць
25.11.2007 / 22:17
Віншую!!! Асабліва прыемна, што я наралзіўся ў адзін дзень з такім чалавекам :)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру