Бела‑чырвон‑белы сьцяг зьявіўся напярэдадні дня народзінаў пісьменьніка ‑‑ каля 9‑й вечара 25‑га лістапада. Ён быў прымацаваны да будаўнічых рыштаваньняў недалёка ад помніка Караткевічу, які стаіць у сквэры каля плошчы Леніна .

Нацыянальны сымбаль лунаў менш за паўгадзіны. Журналісты нават не пасьпелі сфатаграфаваць гэтую падзею, бо да будынка Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта па вуліцы Чэхава, побач зь якім зьявіўся сьцяг, амаль адразу ж пад’ехалі дзьве міліцэйскія машыны. Двое супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУСу з паўгадзіны здымалі сьцяг, прымацаваны на ўзроўні трэцяга паверху. Яшчэ некалькі міліцыянтаў зладзілі аблаву на Мірона, спрабуючы адшукаць яго ў цямрэчы старога парку, аднак нікога не злавілі.

Падрабязнасьці пра здарэньне распавёў старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ён паведаміў, што яму вядомы зьмест цыдулкі, прымацаванай да сьцяга:

«Мне стала вядома, што ў 20‑ці мэтрах ад помніка Караткевічу зьявіўся бела‑чырвона‑белы сьцяг. І там ёсьць цыдулка з наступным тэкстам: «Да народзінаў Чараўніка беларускага слова Уладзімера Сымонавіча Караткевіча. Хрыстос прызямліўся ў Віцебску!» І подпіс: «Мірон»

Афіцыйныя імпрэзы да 77‑х угодкаў Уладзімера Караткевіча прайшлі ўчора на ягонай радзіме — у аршанскім музэі пісьменьніка.

Сёньня а 6‑й вечара грамадзкія актывісты мяркуюць сабрацца каля помніка Караткевічу ў Віцебску, ускласьці кветкі ды зладзіць паэтычную вечарыну.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0