Працуючы ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці, натрапіў на шэраг цікавых дакументаў, якія адносяцца да Слуцкага паўстання. Яны раней не публікаваліся. Гэта выпіскі з рапартаў і данясенняў службовых асоб польскіх пастарункаў і аддзелаў дэфензівы на памежных са Слуцкам тэрыторыях. Для большай зручнасці матэрыял пададзены ў храналагічным парадку.

У Семежаве — беларуская міліцыя

Рапарт за 19—25. 11. 1920 г.: «Па прыбыцці да Семежава заспеў мясцовую ўладу — беларускую міліцыю… Настрой насельніцтва ў Семежаве і ваколіцах да Войска Польскага добры. Беларускае насельніцтва баіцца надыходзячых войск бальшавіцкіх, у той час як насельніцтва жыдоўскае ставіцца да іх лаяльна, але баіцца надыхо-дзячых войск Балаховіча».

Пра новую ўладу паведамляе і пастарунак у Вызне ў рапарце за 24 лістапада: «У Вызне заспеў мясцовую ўладу — так званага начальніка раёна, добраахвотную беларускую міліцыю і Пастарунак Жандармерыі польскай…»

Ёсць у рапарце і адзнака тагачаснага міжуладдзя: «У Вызне і ваколіцах пашыраецца масавы выраб самагонкі…»

Сіпняцкі ў сваім рапарце адзначае: «Перад нашым прыездам (у Вызну), 21.11.1920 г., на рынку адбыўся сход мясцовага насельніцтва і ўсіх ваколіц пад лозунгам «Арганізацыя добраахвотных беларускіх аддзелаў», на схо-дзе прысутнічала каля 600 чалавек. Сход аднагалосна ўхваліў пастанову аб хутчэйшай арганізацыі Беларускай арміі, каб не дапусціць бальшавікоў на пакінутую Войскам Польскім тэрыторыю».

«Беларусы баяцца бальшавікоў, габрэі — Балаховіча»

Гэтае назіранне адзначаецца ў рапартах некалькі разоў. Канфлікт «балахоўцаў» з габрэйскай грамадой польскі назіральнік фіксуе ў Семежаве: «Дня 22.11.1920 г. праз Семежава праходзіў аддзел добраахвотнікаў-«балахоўцаў» у лічбе 120 чалавек. На чале аддзела стаіць падпаручнік Хвядосьеў Тэнапіца, які паклікаў жыхара — рабіна Себармана і загадаў за шэсць гадзін зрабіць сход і сабраць у мясцовых жыдоў 20000 рублёў царскіх і 20000 марак польскіх…» Чым скончылася гісторыя — не паведамляецца.

Слуцкія паўстанцы верылі, што вось-вось ім прыйдзе на дапамогу генерал Булак-Балаховіч са сваім войскам, які ў той час ажыццяўляў свой Палескі паход на Мазыр і Рэчыцу. «У выніку адступлення Войска Польскага з мястэчка Слуцка ходзяць чуткі аб верагодным заняцці яго праз войска Балаховіча… Даволі часта чуюцца размовы паміж сялянамі аб Балаховічу», — паведамляецца ў рапарце з вёскі Сіняўкі (цяпер Капыльскі раён) ад 24.11.1920 г. Але з’яўляліся толькі добраахвотнікі-«балахоўцы», што выклікалі страх у габрэйскага насельніцтва. Рэгулярныя часці Балаховіча не прыйшлі на дапамогу случчакам.

Назіральнікі фіксавалі і рост колькасці паўстанцаў у ваколіцах Слуцка. «Дня 24. 11. 1920 г. да Семежава прыбыла Беларуская Слуцкая павятовая рада і штаб рэзервовы з аддзелам узброеным, да 400 чалавек, і з кожным днём прыбывае ўсё больш добраахвотнікаў, так у цяперашні час можна лічыць каля 2000 чалавек. Захоўваюцца добрыя адносіны паміж насельніцтвам і Войскам Польскім. Беларуская рада, арганізуючы сход, паведамляе Экспазітуру, калі на сходзе праводзіцца антыбальшавіцкая агітацыя», — піша агент. Адначасова ён скардзіцца, што «няма дырэктыў, у якім стасунку ўзаемадзейнічаць з Беларускай радай і аддзеламі».

Палітычныя настроі

Паводле данясення кіраўніку экспазітуры ў Семежаве ад 25.11.1920 г., даецца настрой мясцовага насельніцтва: «Два прынцыповыя кірункі спаткалася на тутэйшай тэрыторыі — мясцовае польскае насельніцтва, якое цалкам падтрымлівае ўрад і польскую армію, і беларускае насельніцтва, якое выказваецца за незалежнасць Беларусі і Балаховіча».

Банды марадзёраў

У час ваеннага безуладдзя падымае галаву крымінальны элемент. Пастарунак у Будчы падае наступную інфармацыю ў рапарце за 1.12.1920 г.: «Дня 25. 11.1920 г. раніцай афіцэр з арміі генерала Балаховіча, які вёў аддзел добраахвотнікаў у беларускае войска, пабіў жонку лесніка. Таго ж самага дня, пасля сыходу з Вызны пастарунка дэфензівы і апошніх аддзелаў Войска Польскага, увечары нейкая банда колькасцю каля 30 чалавек, узброеная карабінамі, напала на мястэчка, абрабавала насельніцтва — пераважна жыдоў і пайшла ў бок Семежава. На другі дзень праз аднаго выведніка стала вядома, што банда складалася з бальшавіцкіх дэзерціраў, якія ўцякалі ў беларускае войска».

На наступны дзень польскі агент спаткаў кур’ера, якога габрэі з Вызны выслалі да бальшавікоў «з заданнем, каб бальшавікі хутчэй занялі мястэчка Вызна, пакуль яго не занялі беларускія аддзелы. Таго ж самага дня, вяртаючыся з падводай, нейкі Лявон Лесніковіч… быў забіты бандай, узброенай карабінамі».

Факт бандытызму быў зафіксаваны ў і вёсцы Вялікі Рожан (цяпер Салігорскі раён). «Дня 26. 11. 1920 г. прыбыў да В. Рожана аддзел добраахвотнікаў у беларускае войска колькасцю каля 35 чалавек, пачаў праводзіць самавольныя рэквізіцыі, забіраючы ў насельніцтва жыўнасць», — паведамляў агент.

Беларуская ўлада, што паўставала на Случчыне, спрабавала змагацца з крыміналам. Пра гэта сведчыць рапарт пастарунка ў Сіняўцы за 1. 12. 1920 г.: «Дня 28. 11. 1920 г. беларуская дэфензіва з Семежава прыслала арыштаваных разам з пратаколамі допытаў: узводнага Войска Польскага? Эдмунда, шарагоўца Мяльрэўскага (?) і члена бальшавіцкай партыі Шыркалава (?), абвінавачаных у бандытызме. ….Дакладваю — вельмі шмат афіцэраў і жаўнераў дэзертуе з войска Балаховіча і пераходзяць на польскую тэрыторыю». 

Змаганне за Семежава

Адводзіцца месца ў знойдзеных рапартах і вайсковым дзеянням. Пастарунак у Клецку паведамляе: «Дня 4.12.1920 г. на лініі Семежава — Філіповічы бальшавіцкія аддзелы перайшлі нейтральную лінію пад мястэчкам Мокрае і (напалі?) на Семежава. Тут беларускае войска пацярпела сур’ёзнае паражэнне. Быццам бы штаб беларускай арміі меўся быць перанесены да Грыцэвіцкай гміны».

Але пасля Семежава ўдалося адбіць: «7.12.1920 г. даведаўся, што нібыта перамога павярнулася на бок беларусаў і быццам бы войска іх мелася зноў заняць Семежава. Пад Пузавам размясціўся аддзел беларускі ў колькасці 120 чалавек і трэніруецца».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?