30.07.2014 / 14:21

«Дзе ў сусвеце плыве Беларусь» — дыскусія, 1 жніўня

У Мінску ў прасторы ЦЭХ адкрылася выстава «Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае Княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах».

Больш за месяц – да 31 жніўня – усе зацікаўленыя змогуць убачыць гістарычныя артэфакты, якія прадстаўляюць Беларусь у іншых гістарычных ракурсах і маштабах.

Арганізатары выставы - Беларуская філасофская прастора, Лятучы універсітэт, Выдавецтва «Эканомпрэс», крэатыўная прастора ЦЭХ - запланавалі дзеля гэтага дзве інтэлектуальныя імпрэзы – дыскусія «Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь» (1 жніўня, 18.00, прастора ЦЭХ) і дыскусія «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння» (13 жніўня, 18.00, прастора ЦЭХ).

 

Першая дыскусія скіроўвае нас да праблемы незавершанасці этнакультурнай самаідэнтыфікацыі беларусаў: Як і дзе мы «знаходзім сябе»? У якіх межах вызначаем – геаграфічных, палітычных, культурных? Калі ўспрымаць мапы як своеасаблівую оптыку канкрэтнай эпохі, то наколькі здольныя старажытныя мапы стаць сродкам трансфармацыі свядомасці сучасных беларусаў?

 Над гэтымі і іншымі пытаннямі разважаюць запрошаныя дыскутанты – філосаф і літаратар Ігар Бабкоў, багаслоў і культуролаг Ірына Дубянецкая, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў, філосаф Аляксандр Сарна. Вядучы дыскусіі – філосаф Павел Баркоўскі

Дыскусія «Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь» адбудзецца 1 жніўня а 18.00 у прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/к.6, з боку вул. П. Броўкі).

 Уваход вольны!

 

Што тычыцца дыскусіі «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння», то тут арганізатары рыхтуюць пэўную інтрыгу. Падрабязнасці ў бліжэйшы час - сачыце за актуальнай інфармацыяй на сайтах арганізатараў – www.fly-uni.org, www.prastora.org

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру