Попыт на прамысловую прадукцыю расце вельмі нізкімі тэмпамі, сведчаць вынікі ліпеньскага апытання кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, праведзенага Навукова-даследчым эканамічным інстытутам (НДЭІ) Міністэрства эканомікі. 

«Звесткі кан'юнктурнага апытання, праведзенага ў ліпені, сведчаць пра тое, што попыт на прамысловую прадукцыю ўзрастаў вельмі нізкімі тэмпамі. Аб павелічэнні агульнага аб'ёму попыту паведамілі 27% кіраўнікоў, пры гэтым 24% апытаных адзначылі скарачэнне попыту», — гаворыцца ў справаздачы НДЭІ Мінэканомікі паводле вынікаў апытання. 

Згодна са звесткамі прадпрыемстваў, на ўнутраным рынку працягваў зніжацца попыт. Доля адказаў пра рост попыту на ўнутраным рынку склала ў ліпені 23%, скарачэнне адзначылі 27% кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў. 

Вынікі ліпеньскага апытання сведчаць, што сітуацыя са знешнім попытам на беларускую прадукцыю таксама застаецца няпростай. «Дзевятнаццаць працэнтаў апытаных кіраўнікоў паведамілі пра рост аб'ёмаў экспартнага попыту за месяц, што папярэднічаў апытанню, 22% — пра зніжэнне», — канстатуюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі. 

На асноўным рынку збыту беларускай прадукцыі пакуль таксама не назіраецца паляпшэння сітуацыі. «Попыт на расійскім рынку не змяніўся. Пра рост попыту ў Расіі паведамілі 18% кіраўнікоў, пра скарачэнне — 21%», — гаворыцца ў справаздачы. 

На фоне няўстойлівага знешняга попыту на беларускую прадукцыю сёлета ў Беларусі не назіраецца росту прамысловай вытворчасці. За першае паўгоддзе аб'ём прамвытворчасці ў грашовым выражэнні склаў 326 трлн. рублёў і знізіўся на 1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?