30.07.2014 / 14:58

Адграбаць дзвюма рукамі 12

Піша Стась Карпаў.

 Персанальна мне падабаецца, што Лукашэнка зараз выступае пасрэднікам у мірных перамовах па Украіне. Гэта ўсяляе некаторы аптымізм. Канечне, як сказаў у свой час Карбалевіч, калі АГЛ кажа, што нечага не хоча ці нечага не робіць — значыць дакладна і робіць? і хоча. Так што калі ён пераконвае, што роля пасрэдніка па Украіне яму зусім не падабаецца — значыць, што быць такім пасрэднікам ён заўжды хацеў болей за ўсё ў свеце.

Проста, на маю сціплую думку,

Лукашэнка адчуў, што трэба зноў станавіцца «небезнадзейным» у вачах Захада. Асабліва, калі статус «абсалютна безнадзейнага» набывае Пуцін.

Зразумела, што гэтыя перамовы паміж тэрарыстамі, Расіяй і Украінай ні да чаго не прывядуць, але менавіта гэта і падабаецца Лукашэнку. Ён ведае, што Захад страшна любіць весці бясконцыя перамовы і той факт, што яны не маюць шанца на поспех абазначае адсутнасць усялякай адказнасці за вынік, пры гэтым ты як мадэратар перамоваў выглядаеш самым зацікаўленым і самым важным іх суб’ектам.

Беларусь — апошняя краіна, якую пакуль спансіруе Расія.

Фінансаў не хапае ўжо нават на Абхазію. Што трывожна. Яшчэ адным трывожным званком стала тое, што расійскі ўрад толькі што запусціў руку ў накапіцельную частку пенсій сваіх грамадзянаў. Інакш кажучы «пазычыў» грошы. Але як тут аддасі?

Ну, дапусцім, сектаральныя санкцыі Расія перажыве, хаця лепей ёй, натуральна, не стане. Ну, дапусцім, 50 млрд па справе ЮКАСу можна аспрэчваць яшчэ год-два. Але вось з Ірана здымаюць санкцыі, а гэта найбуйнейшы ўласнік газу ў свеце (Расія на другім месцы) і трэці ў спісе краін, якія здабываюць нафту. Што гэта значыць для Расіі? Гэта значыць што

калі нафта апусціцца ніжэй за 90$, яны не звярстаюць бюджэт і сцэнар Савецкага Саюза падасца не такім ужо і неверагодным.

Плюс ім трэба выконваць свае абавязкі перад Кітаем, бо кантракт падпісаны і цяпер трэба авансам разведаць радовішчы і пабудаваць газаправод, кошт будаўніцтва якога яны ацанілі у 70 млрд даляраў. Не забываем і пра тое, што калі Польшча і Украіна нарэшце пачнуць здабычу сланцавага газу з сабекоштам здабычы ў раёне 120$ за 1000 кубоў — яны такім чынам зафіксуюць нейкую раўнаважную цану, па якой свой газ (з нізкім сабекоштам здабычы) зможа прадаваць Расія. І гэта будзе, канечне, не 380-415$, якія яны зараз па-братэрску прапануюць Украіне – буйнаму кліенту «Газпрома», які штогод купляе каля 20 млрд кубаметраў. А той факт, што аб’ём паставак туды ужо скараціўся на 23% — адзін з чыннікаў, якія вельмі нервуюць Расію.

Карацей, калі скласці усе гэтыя чыннікі, можна зразумець, што Расію — не выключана — чакае некаторы піндык у гэтай сувязі. І Лукашэнка не апошні, каго гэта непакоіць.

Ён разумее, што калі Расія грошай не дасць, дык адзінае месца, дзе іх дадуць і шмат не папросяць — гэта Еўропа. Так, патрэбныя будуць рэформы, так, скарачэнні сацпраграм, так, прыватызацыя, так — выбары. Але гэта не галодныя бунты. І гэта — паслязаўтра.

Таму сёння ён страхуецца і пачанае будаваць сабе імідж новага, небезнадзейнага дзядзькі, які вось ужо і па-беларуску размаўляе, вось ужо і за цэласнасць і стабільнасць у «нашай Украіне», вось ужо свеціцца профілем на гуманітарных пратакольных мерапрыемствах.

З іншага боку, калі Расію накрые фекальнай хваляй вынікаў яе ж дзейнасці — тут, унутры нашай суседкі, можа з’явіцца не пазбаўленая прагматызму думка, што «вайна народная, свяшчэнная вайна», асабліва калі «Крым наш» і народ ужо канчаткова «ўстаў з кален» — справа не безнадзейная і не бескарысная.

І ў гэты момант Аляксандру Рыгоравічу можа быць прапанавана нарэшце спраўдзіць сваю даўнюю мару-абяцанне стаць грудзьмі на шляху натаўскай танкавай калоны. Але ж гэта значна прыемней рабіць у тэорыі, перад камерамі, чым у рэале, на свежаадрамантаванай за еўрасаюзаўскія грошы трасе Мінск-Брэст.

Асабліва ўсведамляючы розніцу вайсковых бюджэтаў НАТА і АДКБ. Таму ў развагах да каго прыткнуцца наш кіраўнік у сваім чоўне грабе пакуль толькі адной даланёй і апісвае невялікія кругі вакол кропкі ў раёне Драздоў. Грабе і думае. А мне хочацца перадаць яму прывітанне і папрасіць не думаць, а адграбаць ад Расіі як след. Дзвюма рукамі.

0
Валеры Г. / Адказаць
30.07.2014 / 15:36
Стась, дарагі... Калі бярэшся за артыкулы такога маштабу, гэта не значыць, (перафразіруючы Жванецкага) што можна пісаць такія ж вялімаштабныя глупствы. Хочаш быць аналітыкам - будзь ім. Але нельга ім стаць, калі гарызонт ёсць каўнер кашулі Лукашэнкі. Што гэта за дзіцячы бздрык? Дзе тлумачэнне таго факту, што Парашанка звярнуўся да Беларусі? Дзе аналіз: чаму і каму гэта выгадна? Дзе хоць нейкае бачанне сітуацыі замест бясконцага прароцтва хуткага канца Лукашэнку (ці не дзякуючы вось такім прароцтвам ён добра жыве і пачуваецца?) І, дарэчы, пра птушачак. Спасылацца на Карбалевіча можа толькі чалавек, які ніколі не помніў ПАСЛЯ падзеяў, што пісаў гэты дзядзька ПЕРАД падзеямі. Вось перачытай - і смешна будзе, і крыўдна. Карбалевіч прадугадвае сітуацыю з верагоднасцю Вангі. Калі аналітык памыляецца, не заўважае аднаго з трох магчымых будучых сцэнарыяў, значыць ён не можа аб'ектыўна ацаніць цяперашнюю сітуацыю.
0
rupar_epohi_Валеру / Адказаць
30.07.2014 / 16:17
Я нідзе не прадказваў хуткі канец лукашэнку. Я наадварот указаў на некаторыя яго рухі целам у мэтах пазбегнуць непрыемных для яго сітуацыі. І на гэты раз ягоныя рухі на мой сціплы погляд супадаюць з маімі, напрыклад інтарэсамі як э-э-э грамадзяніна. Што тычыць вашых патрабаванняў аналізаваць тое ці гэтае, то я вам паведамлю, што пяцёрачку на барабан і я вам персанальны гараскоп складу. Калі што. ДАпусцім лукашэнка мог прапанаваць Парашэнку каб той "прапанаваў Лукашэнку". Вам не падаецца гэта лагічным? З чаго бы гэта лукашэнку самому лезці без мыла? калі можна папрасіць кулуарна, каб тваю кандыдатуру вылучылі. У астатнім вы накаталі тэкст памерам з мой. З вашага тэкса я высвятліў, што вы не любіце вангу і карбалевіча а мной грэбуеце. А я, пагадзіцеся, гэтай інфармацыі ад вас не патрабаваў)
0
Зьміцер Дрыгайла / Адказаць
30.07.2014 / 16:41
А мне падабаецца, як і што піша Стась. І ў дачыненьні да гэтага матэр'ялу: напісана даволі аскетычна, але з сякімі-такімі лічбамі, а таксама з адказамі на, хай сабе й незададзеныя, пытаньні "што гэта азначае". Калі Вы перачытаеце тэкст, то Вы гэтыя адказы пабачыце. Так, артыкул першапачаткова быў надрукаваны не ў НН, а ў Фэйсбуку, і ў трошкі больш спрошчаным выглядзе, як, фактычна, зацемка на тэму. Таму ён (тэкст) ад пачатку не прэтэндаваў на "сур'ёзную аналітыку". Але, як па мне, дык аналітыка выйшла ў выніку зусім някепская. Аўтар, пішы яшчэ!
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру