У ноч на 30 ліпеня пайшоў з жыцьця беларускі кінарэжысёр Уладзімер Дашук (сын Віктара Дашука). Ня вытрымала сэрца.

Уладзімера Дашука пахаваюць у вёсцы Пярэжыр Пухавіцкага раёна — гэта родная вёска ягонай маці. Разьвітаньне адбудзецца 31 ліпеня ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёну.

Кінарэжысёр Віктар Аслюк заявіў Радыё Свабода: «Перад сьмерцю ўсялякая творчасьць становіцца на другое месца. Шкада — 50 гадоў… Вова мала здымаў. Фактычна ў яго была паўза 20 гадоў. І толькі за 2 апошнія гады ён зрабіў некалькі фільмаў».

«Гэта быў адзін з найцікавейшых рэжысэраў свайго пакаленьня. Ён першы адкрыў хвалю кіно, якая зьвярталася да тых бакоў жыцьця, якіх раней кінэматограф пазьбягаў. Уладзімер Дашук рабіў гэта высокапрафэсійна,

— кажа знаўца беларускага дакумэнтальнага кіно Галіна Шур. — Можна прыгадаць ягоныя фільмы «Жарсьць» і «Партрэт зь сякерай». Гэта былі першыя спробы пранікнуць у тое, што мы называем мэнталітэтам сучаснага чалавека. Стужка «Партрэт зь сякерай» — ад імя свайго пакаленьня ён спрабаваў зразумець духоўныя вытокі, якіх трымаюцца людзі старэйшага веку. Я памятаю ягоны фільм «Калыска гойдаецца над безданьню». Ён спрабаваў зразумець сьмерць як зьяву: як нам ставіцца да гэтага? Ён тады яшчэ быў вельмі малады. Але гэтая тэма яго цікавіла. У кожнай ягонай карціне былі адвечныя пытаньні».

Галіна Шур адзначае: «Уладзімер Дашук быў вельмі неардынарнай асобай. Замены яму сярод маладога пакаленьня я ня бачу».

Аднакурсьнік Уладзімера Дашука Сяргей Дубавец:

«Мы бачыліся зусім нядаўна, на пачатку лета ў Строчыцах на сустрэчы выпускнікоў нашага курсу. Мы скакалі полечку з нашымі дзяўчатамі. Валодзя не скакаў і толькі назіраў за намі. Хоць, здавалася, ён амаль не зьмяніўся са студэнцкіх часоў. Ён быў вельмі стрыманы.

Мне ягонае аблічча прыходзіць на розум кожны раз, калі ўдумваюся ў слова «дзяцюк». Вось да такіх і зьвяртаўся ў сваіх праклямацыях Каліноўскі.

Валодзя Дашук быў дзецюком (незалежна ад шлюбаў, дзяцей, узросту). Такі маруднаваты ў рухах, разважлівы маладзён, унутрана заўсёды гатовы да мабілізацыі. Такім ён быў у студэнцкія гады, такім я яго пабачыў на пачатку лета, такім ён застаўся назаўсёды».

Аднакурсьнік Уладзімера Дашука Сяргей Навумчык:

Вестка пра сьмерць Валодзі мяне агаломшыла, бо ўжо ў каго з нашага курсу было жалезнае здароў'е – дык гэта ў Дашука. Так мне заўсёды здавалася. Валодзя для мяне – сябар юнацтва, і я проста не магу абстрагавацца ад чыста асабістых біяграфічных успамінаў і гаварыць пра яго толькі як пра рэжысёра. Валодзя быў вельмі надзейным сябрам, увогуле надзейным чалавекам, для яго такія паняцьці, як «гонар» ці «дадзенае слова» - былі асноўнымі. Ён будаваў на гэтым жыцьцё. Тут, канешне, паўплывала бацькоўскае выхаваньне. 

Мы зь ім пасябравалі ў першы дзень знаёмства, яшчэ на першым курсе журфаку, разам былі на «бульбе» у Клімавіцкім раёне, у будатрадзе ў Карэліі. Пяць гадоў на журфаку правялі разам, у нас была адна кампанія. Разам рыхтаваліся да экзамэнаў – ці ў мяне ў інтэрнаце, ці ў яго, ён тады жыў з бацькамі ў Зялёным Лузе. Але рабіць гэта было цяжка, бо адразу пераключаліся на размовы «пра жыцьцё». Канешне, як гэта бывае, зь цягам часу ў кожнага зьявіліся свае інтарэсы, пасьля ўнівэрсытэту мы сустракаліся радзей, але кожны раз, як гэта бывае зь сябрамі юнацтва, гаварылі гадзінамі. Недзе годзе ў 87-ым ён прыехаў да мяне ў Віцебск на некалькі дзён – каб адключыцца ад сталічнай валтузьні і напісаць сцэнар пра Чарнобыль. Мы тады прагаварылі некалькі начэй. Я ўпершыню (бо толькі нядаўна вярнуўся з войска) пачуў пра тое, што робіцца ў чарнобыльскіх раёнах, Валодзя туды езьдзіў і быў калі ня першым, дык адным зь першых, хто зафіксаваў тую праўду на кінастужку. А праз два гады, калі я пераехаў у Менск, некалькі тыдняў жыў у ягонай кватэры ва Ўруччы. Тыя ягоныя фільмы, якія я бачыў – безумоўна, уражваюць. Вельмі шкада, што іх так мала – але зусім не па ягонай віне. Пры ўсім сваім сапраўды моцным характары – Валодзя, як мне падаецца, не жадаў марнаваць час на змаганьне з чынавенскім дэбілізмам і, пэўна ж, меў на гэта права. Але шкада, што яго талент не рэалізаваўся ў поўную сілу – як гэта магло б быць пры іншых умовах».

Уладзімер Дашук нарадзіўся ў 1962 годзе.

У 1984 скончыў факультэт журналістыкі БДУ.
Спэцыяльнасьць: рэжысэр, сцэнарыст, журналіст.
З 1983 пачаў працу на кінастудыі «Беларусьфільм» асыстэнтам рэжысэра.
Рэжысэрскім дэбютам стаў дакумэнтальны фільм «Партрэт зь сякерай» пра нацыянальнага скульптара з далёкай беларускай глыбінкі.

У 1990 уступіў у Саюз кінэматаграфістаў.

За час працы на кінастудыі здымаў дакумэнтальныя і публіцыстычныя мастацкія фільмы паводле ўласных сцэнароў.

У 1992 заснаваў студыю відэафільмаў «Знаменьне».

У 1994 заснаваў рэклямнае агенцтва «Ніць Арыядны». З тых часоў зьняў больш за сорак рэклямных кліпаў і прэзэнтацыйных фільмаў.

Фільмаграфія:

«Партрэт зь сякерай», «Грэх» (абодва — 1987);
«Калі-небудзь», «Пэйзаж пасьля бітвы» (абодва — 1989);
«Калыска гойдаецца над безданьню» (1990);
«Форс-мажор», «Ратуйце нашы душы» (1992);
«Мы ўсё ж такі ёсьць» (1995);
«Жарсьць» (2009) — прыз за лепшую рэжысэрскую працу ў Беларусі.

У 2012-м фільм Уладзімера Дашука «Жарсьць» трапіў у сьпісы забароненых да паказу стужак. Паведамленьне пра гэта апублікаваў афіцыйны сайт Міністэрства культуры Беларусі.

Сам Уладзімер Дашук тады распавёў, што калі ў 2009 годзе адбывалася прыёмка фільму, адмысловай камісіі Дэпартамэнту кінэматаграфіі Міністэрства культуры падаўся парнаграфічным эпізод, у якім «40-гадовыя мужыкі, якія палявалі пад вадой, выбраліся з вады і проста ўночы ў лесе пад імправізаваным душам (шлянг павесілі на дрэва) абмываюцца. І ў кадры бачны азадак». Тады, паводле словаў Дашука, было нават заключэньне камісіі аб прызнаньні фільма парнаграфічным.

Камісія запатрабавала выдаліць гэты эпізод, што рэжысэр і зрабіў. Пасьля гэтага фільм прынялі, і ён нават атрымаў прэмію за лепшую рэжысёрскую працу году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?