03.08.2014 / 11:21

Павел Костюкевич. Украина и прочие. Рассказ 1

«Агнешка! Любая! Для нас няма больш месца. Наш час сышоў. Заставайся, каханне, бывай. Ужо пара — на жаль, усё вырашана за нас. Мы хацелі каб наша вечнасць доўжылася і доўжылася, аднак яна завершыцца сёння. Агнешка! Любая! Ты ведаеш пра мяне сакрэтаў больш, чым хоць хто на гэтым свеце. Ты сама мой сакрэт. Я заўжды давяраў табе, адно баяўся, што кожны твой няўдалы дотык можа зрабіць мне балюча. Калі тады ў Варшаве мы, фактычна незнаёмыя людзі, выгаварыліся і распавялі адно адному ўсё дарэшты, дык я нават уявіў, як мы стаім насупраць адно аднога, голыя і збянтэжаныя. Хіба гэтая карціна, калі так падумаць, хутчэй смешная, чым сумная. Дзякуй, што за столькі гадоў ты не параніла мяне і маю сям’ю. І ведаеш яшчэ што? Мне ні грамулькі не сорамна, ніякай віны не чую. Ні перад кім! Ні тады, ні цяпер! Дакраніся кончыкамі пальцаў да вуснаў — уяві, што гэта дакранаюся я. Бывай, каханне!»

* * *

Праз гулкую пружанскую ноч ішлі двое. Стрункі, яшчэ не стары амерыканец у самавітым генеральскім палітоне і бялявы прысадзісты расеец, гадоў 60-ці, у шынялі з паднятым каракулевым каўняром. Яны мінулі хлопца, без пяці хвілін дзядзьку, механіка, што, перапэцканы каламаззю, увіхаўся каля разабраных шасі Су-34.

«Абарыген», — вызначыў амерыканец. З вопыту ён ведаў — на расійскіх базах за мяжой, як і на амерыканскіх, дробнымі механікамі ды бамбаношамі часам працуюць мясцовыя. Хіба ў адрозненні ад амерканскіх базаў гэты беларускі рабацяга нічым асабліва не вылучаўся ад сваіх расійскіх працадаўцаў. Той жа колер скуры, той ж выраз твару. Адно ў вачах нешта іншае, адметнае. Спрадвечны сполах, вусціш, ці што…

— Vladimir, — сказаў амерыканец, калі, спусціўшыся ў бункер, яны ўдвух селі за даўжэзны дубовы стол. — Я не хачу больш праблем.

Цяпер, калі мінулі гады пасля бамбавання Кіева, учыненага расейцамі, і праведнай адплаты, якая напаткала Севастопаль ад бомбаў амерыканскай авіяцыі, нават самаму някемліваму абарыгену на авіябазе пры выглядзе зацятых ворагаў, якія ішлі разам, усё мусіла стаць ясна.

— Vladimir, існуе верагоднасць, што ў будучым зноў сутыкнуцца нашы інтарэсы, і зноў між намі пачнецца канфлікт, — працягваў амерыканец, цягамотна туды-назад раскручваючыся на крэсле. Ён відавочна не прыехаў нікога запэўніваць, але ж гутарку трэба было неяк пачаць.

Хлопец, без пяці хвілін дзядзька, не баяўся. Выраз яго твару, памылкова прыняты амерканцам за сполах, папросту адбіваў цвярозае разуменне сусветных раскладаў. Разуменне плюс пакутлівае ўсведамленне сваёй поўнай нямогласці. Калі расеец і амерыканец занурыліся пад землю, хлопцу, без пяці хвілін дзядзьку, захацелася даслаць ліст. Апошні ліст.

— Vladimir, зноў будуць гэтыя спрэчныя тэрыторыі, якія ні туды, ні сюды. Зноў шпіёнскія войны, узаемныя ўтойванні, сакрэты. А потым зноў пойдуць бамбаванні, хай сабе кропкавыя, але ўсё роўна малапрыемныя. А мне, далібог, абрыдла апраўдаўвацца перад камерамі! Залішнія сувязі з грамадскасцю шкодзяць справам!

…З Агнешкай ён пазнаёміўся на бязладным шопінгу ў Варшаве пяць гадоў таму. Ён тады яшчэ не ўладкаваўся механікам на авіябазу, і таму мог вольна выязджаць за мяжу. На Маршалкоўскай ён на хвілінку прысеў ля нейкага фастфуда. Па-польскабеларуску спытаў у незнаёмай жанчыны дарогу — і яны прагаварылі восем гадзін, забыўшыся на закупы і фастфуд. Проста сядзелі ля стракатай шыльды з намаляванымі гамбургерамі і размаўлялі з дапамогай трохсот агульных словаў. Усе пяць гадоў ён хаваў яе ад жонкі, а яна яго — ад мужа. Двойчы на год яны вырываліся ў беластоцкую ці брэсцкую гасцініцу для хапатлівых спатканняў, ды амаль штодня пісалі адно адному доўгія лісты па электроннай пошце.

— Vladimir, я прыляцеў сюды, каб канчаткова вырашыць пытанне нейтральнай зоны. Шчырыя празрыстыя адносіны ў еўрапейскім кірунку — вось чаго я дабіваюся, калега. Каб для здрадаў і хлусні ў нашых справах проста не засталося месца. Так будзе лягчэй для нас усіх… і іх саміх… Беларусь, Малдова, Украіна…

— Украіна, Украіна, Украіна, — стаў паўтараць той, якога клікалі Уладзімірам. Паўтор, як заўсёды заблытаў сэнс. Чаму амерыканец самую вялікую краіну сярод гэтых трох назваў апошняй? Паліткарэктнасць? Шпілька ў бок вялікай Расіі? Хаця якая цяпер розніца — справа вырашаная да ўзаемнага задавальнення.

Расеец ачомаўся пасля развагаў і ўпэўненым голасам абвесціў:

— Згода, калега, сёння ранкам. Нейтральная зона шырынёй з краіну. Вы з захаду, мы — з усходу. Нафтаправоды і газаправоды не чапаць — яны будуць пазначаны светлатрасамі. Беларусь, Малдова і Украіна павінны знікнуць.

0
Сяргей / Ответить
03.08.2014 / 14:41
Ні табе ні мне, гары яно гарам такое каханне.
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера