Набыў моц прыгавор у дачыненні да 34-гадовага мужчыны і 14-гадовай дзяўчынкі, жыхароў аднаго з раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці, за разбойны напад на вясковую краму.
Як паведаміў БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Буры, 27 лютага мужчына і яго знаёмая васьмікласніца прыехалі ў суседні Ляхавіцкі раён, дзе ў вёсцы Ганчары ўчынілі злачынства.
Спачатку школьніца зайшла ў магазін, каб пераканацца: пакупнікоў там няма і жанчына-прадавец адна. Затым у гандлёвы аб'ект зайшоў мужчына.
Ён нанёс прадаўцу некалькі ўдараў па галаве і тулаву рукамі і нагамі, хапаў за шыю. Калі жанчына страціла прытомнасць, зламыснік украў каўбасу, піва, цыгарэты, цукеркі, пячэнне, сок, два кухонныя нажы амаль на 266 тыс. рублёў. Тым часам дзяўчынка была на вуліцы і глядзела, каб у магазін не заходзілі людзі.
Пасля ўчынення разбою злачынцы разышліся.
Школьніца прыйшла ў суседнюю вёску на чыгуначную станцыю. Там яна папрасіла выклікаць міліцыю і прызналася ва ўчыненым злачынстве, пасля чаго супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі мужчыну.
12 чэрвеня суд Ляхавіцкага раёна прызнаў абодвух вінаватымі на падставе ч. 2 арт. 207 КК (разбой групай асоб з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелай). Мужчыну суд прыгаварыў да шасці гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Школьніцы з улікам яўкі з павіннай і другараднай ролі ў злачынстве прызначанае пакаранне ніжэйшае за ніжнюю мяжу, прадугледжаную санкцыяй гэтага артыкула: тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Нанесены магазіну ўрон бацькі дзяўчынкі кампенсавалі ў поўным аб'ёме.
1 жніўня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула скаргу адваката мужчыны без задавальнення. Прыгавор суда першай інстанцыі набыў законную сілу.
Раней мужчына асуджаны не быў, працаваў слесарам-рамонтнікам у ЖКГ. Школьніца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх не знаходзілася.