Страты ад неправамерных дзеянняў службовых асоб Слуцкага сыраробнага камбіната ацэньваюцца ў Br17,5 млрд, паведамілі ў прэс-службе Камітэта дзяржкантролю Беларусі.

Па выніках праверкі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску сумесна з КДБ Беларусі і упраўленнем СК па Мінскай вобласці ў дачыненні да генеральнага дырэктара ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» і дырэктара Капыльскага філіяла прадпрыемства распачата крымінальная справа.

У ходзе следчай праверкі ўстаноўлена, што яшчэ ў 2012 годзе Слуцкі сыраробны камбінат і яго філіялы пастаўлялі прадукцыю на ўмовах стоадсоткавай перадаплаты расійскаму прадпрыемству. Потым пакупніку была прадастаўленая адтэрміноўка плацяжу, але з лістапада 2012 года пакупнік перастаў разлічвацца за пастаўленую прадукцыю.

Пры гэтым службовыя асобы ААТ не толькі не спынілі адпускаць прадукцыю даўжніку, але і далі адтэрміноўку плацяжу на больш працяглы тэрмін.

У выніку, да канца 2012 года ўтварылася пратэрмінаваная запазычанасць, краіна недаатрымала валюту ў суме 28 млн расійскіх рублёў.

Ведаючы аб негатыўнай для беларускага вытворцы сітуацыі, службовыя асобы заключылі дагавор на аналагічных умовах і на 2013 год і працягнулі адпускаць прадукцыю ў Расію.

Акрамя таго, для ўтойвання запазычанасці, якая ўтварылася службовыя асобы прадпрыемства заключалі з расійскім пакупніком дадатковыя пагадненні на падаўжэнне тэрміну аплаты, чым фактычна вызвалялі даўжніка ад раней устаноўленых тэрмінаў разліку. Усе рашэнні прымаліся службовымі асобамі ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» у парушэнне патрабаванняў заканадаўства, якое абмяжоўвае паўнамоцтвы службовых асобаў прадпрыемства і ўстанаўлівае парадак прыняцця рашэнняў аб пастаўках прадукцыі за межы Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?