zn.by

zn.by

Гамяльчанін Генадзь Караткевіч перамог у міжнародным чэмпіянаце па праграмаванні «Яндэкс. Алгарытм».

Як паведамляе прэс-служба кампаніі «Яндэкс», фінал чэмпіянату па спартыўным праграмаванні прайшоў 1 жніўня ў Берліне. 

Сёлета за перамогу ў чэмпіянаце змагаліся 3.890 удзельнікаў з 72 краін, у тым ліку 161 — з Беларусі. Паводле вынікаў адборачнага тура ў фінал выйшлі 25 наймацнейшых праграмістаў з Беларусі, Казахстана, Кітая, Польшчы, Расіі, ЗША, Тайваня, Украіны і Японіі. Генадзь Караткевіч стаў адзіным прадстаўніком Беларусі ў фінале. 

У вырашальным раўндзе Караткевіч за 100 хвілін правільна рашыў чатыры задачы з шасці і фінішаваў усяго з 66 штрафнымі хвілінамі.

Другім завяршыў спаборніцтвы Хасака Кацухіра з Японіі (Такійскі ўніверсітэт), які таксама рашыў чатыры задачы, але з 90 штрафнымі хвілінамі, а трэцім — Ван Кіншы з кітайскага ўніверсітэта Ціньхуа з чатырма дакладна рэшанымі задачамі і 125 хвілінамі штрафу. Чэмпіён «Алгарытму» атрымаў грашовы прыз у 300 тысяч расійскіх рублёў. Узнагарода за другое і трэцяе месца склала 150 і 90 тысяч расійскіх рублёў адпаведна. 

Як адзначаецца ў паведамленні, Караткевіч ужо другі раз запар перамагае ў гэтых спаборніцтвах:

летась ён таксама забраў галоўны прыз, апярэдзіўшы расіяніна Яўгена Капуна (НДУ ІТМО) і прадстаўніка Тайваня Шы Бісюня (яны занялі другое і трэцяе месцы адпаведна). 

Спаборніцтвы праходзілі на платформе «Яндэкс.Contest» — гэта сэрвіс для трэніроўкі і спаборніцтваў праграмістаў. Заданні рыхтавала міжнародная каманда, у якую ўвайшлі спецыялісты з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы і ЗША. Трое з іх — супрацоўнікі мінскага офіса «Яндэкса» Аляксей Тоўсцікаў, Раман Удавічэнка і Сяргей Жгіроўскі, якія і самі ўдзельнічаюць у розных міжнародных чэмпіянатах па праграмаванні, і рыхтуюць маладое пакаленне спартсменаў, гаворыцца ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?