Беларуская кампанія спасылаецца на форс-мажорныя абставіны. Гэтую інфармацыю OilNews пацвердзіла некалькі апытаных кампаній.

Экспарцёр беларускіх нафтапрадуктаў «Беларуская нафтавая кампанія» накіравала сваім украінскіх контрагентам лісты з паведамленнем аб немагчымасці выканання ў жніўні пагадненняў аб пастаўках паліва ў поўным аб'ёме.

«Яны (БНК) спасылаюцца на форс-мажор у выглядзе рамонтаў НПЗ», - паведаміў адзін з нашых суразмоўцаў, адзначыўшы, што пастаўкі складуць 20-30% ад дамоўных.

«Ліст напісаны так, што нам асабіста незразумела, пастаўкі складуць 20-30% ці знізяцца на 20-30%. Сітуацыя складаная», - адзначылі ў іншым офісе.

Раней паведамлялася, што з невядомых прычын на пачатак жніўня быў перанесены рамонт НПЗ «Нафтан», раней планаваны на верасень. Таксама ў сярэдзіне жніўня чакаецца прыпыненне на рамонт Мазырскага НПЗ - асноўнага пастаўніка нафтапрадуктаў ва Украіну.

Зрыў абавязанняў з боку БНК становіцца ўжо традыцыйным. Улетку 2013 года «БНК-Україна» таксама была вымушаная паінфармаваць партнёраў аб немагчымасці выканаць доўгатэрміновыя кантракты. Тады фармальнай прычынай стала аварыя на Мазырскім НПЗ з наступным двухмесячным рамонтам гэтага прадпрыемства. БНК абяцала надаць увагу пытанню стварэння рэзэрваў на перыяд планавых рамонтаў для поўнага забеспячэння сваіх кліентаў. У прыватнасці, увесну сёлета кампанія заяўляла, што на Мазырскім НПЗ плануецца будаўніцтва дадатковага рэзэрвуарнага парку для высокаактанавых бензінаў.

Цяжкасці з пастаўкамі з Беларусі пачалі з'яўляцца яшчэ ў пачатку ліпеня ў сувязі з ростам попыту на бензіны з боку Расеі, якая адчувае ўжо традыцыйны сэзонны дэфіцыт. Са слоў беларускіх трэйдэраў, расейскія давальцы, якія займаюць 50% у аб'ёмах беларускай перапрацоўкі, цалкам адпраўляюць усе бензіны ў Расею. У гэтым жа кірунку ссоўваецца акцэнт і БНК, якая мае абавязкі ў вяртанні нафтапрадуктаў у РФ у рамках пагаднення аб пастаўках нафты.

Паколькі Беларусь займае да 50% у пастаўках светлых нафтапрадуктаў, на ўкраінскім рынку пачаў адчувацца дэфіцыт прапановы, які, відавочна, будзе нарастаць ў жніўні. Ужо вядома, што ў жніўні пастаўкі наросціць НПЗ Orlen Lietuva. У сваю чаргу, няпэўныя пакуль перспектывы паставак нафтапрадуктаў з мора, якія перакрылі нястачу паліва ўлетку 2013 года.

Сітуацыя на рынку ўскладняецца таксама новым вітком паслаблення курсу грыўні, што стварае новыя рызыкі для трэйдэраў. У сваю чаргу, спрыяльным чыннікам з'яўляецца ахаладжэнне кошту нафты і нафтапрадуктаў на замежным рынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?