24 лістапада Ўкраіна ўшанавала памяць ахвяр Галадамору -- штучнага голаду, выкліканага маскоўскаю камуністычнаю уладаю у 1932—33 г. Сёлета Дзень памяці ахвяраў галадамораў ды палітычных рэпрэсій упершыню адзначаўся на ўсёй тэрыторыі краіны.

Жалобныя мерапрыемствы у рамках усеўкраінскай акцыі «Запалі сьвечку!» адбыліся ў Севастопалі, Данецку, Адэсе, Харкаве, Віньніцы, Палтаве, Луцку, Жытоміры, Львове, Цярнопалі, Днепрапятроўску ды ў іншых гарадох. Удзельнікі памінальных мітынгаў а 16-й, з надыходам змроку, запалілі сьвечкі, якімі выклалі сымбалічныя крыжы на зямлі, а таксама ўшанавалі мільёны загінуўшых людзей хвілінай маўчаньня.

У Севастопалі была адкрытая мэмарыяльная дошка, а ў вёсцы Камінтэрнаўская на Адэшчыне — мэмарыяльны комплекс памяці ахвяраў Галадамору. У Палтаве ды Жытоміры сьвятары розных канфэсій адслужылі паніхіды па іх. Сьвечкі былі запаленыя таксама на шасьці мастах праз раку Збруч, што да 1939 г. была мяжой паміж Заходняй і Цэнтральнай Украінай, то бок паміж Польшчаю ды СССР. Праз Збруч заходнеукраінскія сяляне пераплаўлялі на плытах збожжа, каб уратаваць ад сьмерці украінцаў з супрацьлеглага берагу.

У Кіеве мітынг памяці адбыўся 24 лістапада на Міхайлаўскай плошчы, побач з адзіным у сталіцы невялічкім помнікам ахвярам Галадамору. На мітынгу выступіў прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, які напярэдадні сваім указам аб’явіў 2008 годам памяці ахвяр Галадамору. Юшчанка сёлета заклікаў дэмантаваць помнікі таталітарнага рэжыму.

У Сафійскім, Міхайлаўскім Залатаверхім саборах і ў іншых храмах Кіева прайшлі памінальныя службы. І сёньня, у панядзелак, 26 лістапада, кіяўляне запальваюць сьвечкі на Міхайлаўскай плошчы.

Раніцай 24 лістапада дворнікі ў некаторых раёнах Кіева разносілі па кватэрах сьвечкі, прапануючы запаліць іх на падваконьні а 16-й. Вечарам у маім 45-кватэрным доме ў цэнтры гораду сьвечкі гарэлі ў вокнах трох кватэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?