26.11.2007 / 18:59

Памерлі мітрапаліт БАПЦ Ізяслаў і грамадзкі дзеяч Кастусь Мерляк 43

У ЗША адышлі ў лепшы сьвет мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Ізяслаў (Бруцкі) і грамадзкі дзеяч Кастусь Мерляк.


Мітрапаліт Ізяслаў

Памерлі мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы на эміграцыі Ізяслаў (26 лістапада) і грамадзкі дзеяч Кастусь Мерляк (25 лістапада).

Янка Бруцкі нарадзіўся 22 студзеня 1926 г. у Белавушы (сёньня Столінскі раён Берасьцейскай вобл.) у сялянскай сям’і Данілы й Марыі Бруцкіх‑Стэмпкоўскіх. Быў трэцім сынам у сям’і, якая мела 25‑ці гэктаравую гаспадарку.

Пасьля прыходу ў Заходнюю Беларусь саветаў бацька быў арыштаваны і вывезены ў Казахстан. Потым трапіў у Армію Андэрса, быў у лягеры цывільных ва Ўгандзе.

Янка Бруцкі ў траўні 1943 г. быў вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Працаваў на фабрыцы ў Фленсбургу, потым на рамонце чыгуначных рэек.

Па капітуляцыі Нямеччыны апынуўся ва ўкраінскім лягеры ў Гановэры. Улетку 1947 г. выехаў у Канаду, адпрацаваў паводле кантракту дрывасекам у правінцыі Антарыё, потым перабраўся ў правінцыю Манітоба ў горад Вініпэг, дзе пражывалі ягоныя сваякі, а ў 1949 г. пераехаў бацька.

Янка Бруцкі скончыў Манітобскі унівэрсытэт паводле спэцыяльнасьці інжынер‑будаўнік. У 1954 г. пераехаў у Таронта, працаваў у аддзеле дарог (займаўся дарожным будаўніцтвам), браў удзел у беларускім грамадзкім жыцьці — быў актывістам Згуртаваньня беларусаў Канады (ЗБК), прыходу сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ. У 1957—1959 гг. быў старшынём ЗБК.

У 1962 г. выехаў у Дэтройт (ЗША), потым перасяліўся ў Каліфорнію, жыў у Лос‑Анджэласе, дзе ўзначальваў мясцовы аддзел Беларуска‑амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА), працаваў у этнічных структурах Рэспубліканскай партыі.

З 1969 г. жыў у Кліўлендзе (штат Агаё), дзе ўзначаліў парафіяльную раду прыходу Жыровіцкай Божай Маці Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

29 красавіка 1979 г. мітрапалітам Андрэем (Крытам) высьвячаны на дыякана, а 26 жніўня 1979 г. уладыкам Мікалаем на сьвятара.

22 лютага 1981 г. у Баўнд-Бруку (Нью-Джэрзі) мітрапалітам Андрэем і украінскімі япіскапамі Янка Бруцкі хіратанізаваны ў япіскапы БАПЦ з манаскім імем Ізяслаў. Хіратанізацыю не прызнаў уладыка Мікалай (Мацукевіч), што прывяло да расколу ў БАПЦ, які трываў два дзесяцігодзьдзі.

Частка прыходаў БАПЦ прызналі ўладу Ізяслава: у Англіі, Аўстраліі, прыход у Гайленд-Парку ў ЗША. Астатнія прыходы ў ЗША, прыход у Канадзе сталі на бок Мікалая. Ізяслаў падаў у сьвецкі суд на непакорныя прыходы і часткова адсудзіў сабе гэту маёмасьць. Гэта вельмі непрыгожая старонка ў гісторыі беларускай эміграцыі.

Дэ-факта Ізяслаў узначаліў абодва крылы БАПЦ пасьля царкоўнага сабору 2003 г. які адбыўся псьля сьмерці Мікалая Мацукевіча 20 чэрвеня 2003 г.

Апошнія некалькі гадоў Ізяслаў правёў у доме для састарэлых, слаба разумеючы навакольную рэчаіснасьць.

***

Мерляк быў адной з найбуйнейшых фігураў беларускай дыяспары ў ЗША.

Кастусь Мерляк нарадзіўся 25 сьнежня 1919 г. у в. Дзетамля (сёньня Наваградзкі р‑н). У 1940 г. скончыў курсы інспэктараў Дзяржбанку БССР у Беластоку. Працаваў бухгальтарам, старшым крэдытным інспэктарам.

Падчас вайны — у беларускай адміністрацыі на Наваградчыне, інтэндант пры Наваградзкім швадроне Барыса Рагулі.

Зь лета 1944 г. — на выгнаньні. Пры канцы вайны апынуўся ў Італіі, дзе быў інтэрнаваны. У 1947 г. выехаў у Аргентыну, дзе стварыў і узначаліў Згуртаваньне беларусаў у Аргентыне, якое было вымушана «ваяваць» з больш чым дзясяткам беларускіх арганізацый, што знаходзіліся пад моцным уплывам савецкай амбасады.

У 1954 г. разам зь сям’ёй пераехаў у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку. Узначаліў Сэктар Рады БНР на ЗША, управу Беларуска‑амэрыканскага задзіночаньня на Нью‑Ёрк, у 1959—1963 гг. — старшыня Галоўнай Управы БАЗА.

У 1963 г. на выбарах новага старшыні БАЗА прайграў Станіславу Станкевічу. Паводле К. Мерляка, яго зьмясьцілі за пасады за тое, што ён рэзка крытыкаваў дзейнасьць прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка.

У 1964 г. Мерляк быў пазбаўлены пасады старшыні акруговага аддзелу БАЗА. Разам з прыхільнікамі — Васіль Шчэцька, Пётра Мельяновіч, Леанід Ляўковіч, Ян Казьлякоўскі ды інш. — заснаваў Беларуска‑амэрыканскае аб’еднаньне ў штаце Нью‑Ёрк.

У 1965 г. разыграўся яшчэ адзін канфлікт. Гэтым разам у прыходзе сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Мерляк быў адным зь ініцыятараў набыцьця будынку царквы на Атлянтык‑авэню) зь япіскапам БАПЦ Васілём (Тамашчыкам).

У 1965 г. прайшлі перавыбары ў царкоўную раду прыходу, у якой - так атрымалася - апынуліся амаль усе паплечнікі Мерляка (і ён сам), што на той час арганізавалі Беларуска-амэрыканскае аб'еднаньне. Япіскап Васіль новай царкоўнай рады не прызнаў, а стварыў сваю раду з прыхільнікаў (Янка Ніхаёнак, Аляксандар Міцкевіч, Барыс Данілюк ды інш). Вынікам двух гадоў супрацьстаяньня стала адлучэньне Мерляка Васілём ад царквы. Да таго ж япіскап Васіль зьвярнуўся ў сьвецкі суд. Вынікам судовых спрэчак сталі вялікія грашовыя сумы, выдаткаваныя на працэс, ды папсаваньне рэпутацыі бруклінскага прыходу.

У выніку Мерляк з паплечнікамі пакінулі парафію і заснавалі ў 1968 г. прыход з аналягічнай назвай — сьв. Кірылы Тураўскага — на той жа самай вуліцы Атлянтык‑авэню, толькі ў іншым раёне Нью‑Ёрку — Рычманд‑Гіл. У 1969 г. прыход (тут працавалі сьвятары Сьвятаслаў Коўш, Пётра Саўчыц, Язэп Строк, Грэгары О’Кіф ды інш.) перайшоў у юрысдыкцыю канстанцінопальскага (сусьветнага) патрыярха.

У 1983 г. было канчаткова скончана ўзьвядзеньне царквы. 30 кастрычніка 1983 г. царква сьв. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле была ўрачыста высьвячана.

У сярэдзіне 1990‑х Кастусь Мерляк адышоў ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці.

У 1992 г. выдаў у Нью‑Ёрку грунтоўныя успаміны: "Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі: праніклівасьць і практычны падыход", напісаныя ад трэцяе асобы.

Па сабе пакінуў жонку Ганну Губэрт ды сыноў Юльяна, Данілу, Вінцэнта.

Паніхіда і адпяваньне пройдзе ў царкве ў Рычманд-Гіле.

Ул. інф.

0
столінскі / Адказаць
26.11.2007 / 19:13
хай яму будзе пухам амэрыканская зямля! Сьветлая памяць
0
Вуніят / Адказаць
26.11.2007 / 19:24
Як неспецыялісту ў царкоўнай гісторыі, мне бачыцца сёньняшняя БАПЦ цалкам нелегетымнаю. Найлепшым крокам было-б з сьмерцю Ізяслава зачыніць гэтую бачыну гісторыі й ісьці пад Канстантынопаль.
0
Я / Адказаць
26.11.2007 / 19:53
Я моцна перапрашаю сведамаю публіку, але няўжо БНР, якая ёсць сёння, - легітымная? Гэта як, праз запавет? Праз тэстамент?
Паказаць усе каментары/ 43 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру