Франц Сіўко адгукнуўся на інтэрв'ю з Юліяй Чарняўскай «Адлічваць трэба масава!».

Год 25 таму, пачынаючы працу ва ўніверсітэце, трапіў выкладаць прадмет у групах толькі што ўведзеных, самых прэстыжных на той час эканамічных спецыяльнасцей з велічэзным (не меней за дзясятак прэтэндэнтаў на бюджэтнае месца) конкурсам пры паступленні. Якое ж было здзіўленне, калі ўбачыў падчас першых жа заняткаў замест здольных да здабыцця ведаў маладых лю-дзей, без перабольшання, фірмовых пэтэвушнікаў. Не толькі не зацікаўленых у авалоданні праграмай і пашырэнні кругагляду, але, у дадатак да ўсяго, яшчэ і элементарна кепска выхаваных, хамаватых, а-ля фанвізінаўскага Мітрафанушкі, недаросткаў.

Адказ на пытанне, як магло такое стацца, адшукаўся ў пайменным спісе груп, што так і стракацелі прозвішчамі прадстаўнікоў уладнага бамонду гарадскога і абласнога разліву.

Які, мяркуючы па ўсім, і клопату іншага не меў, як толькі дачакацца годнага папаўнення ўласных шэрагаў за кошт запаўнення працоўных вакансій згаданымі недаросткамі. Што праз пяць год акурат і адбылося. Паапіраўшы няхілымі плечукамі сцены калідораў установы ў надзеі атрымаць падчас сесііі ў залікоўку хоць якую адзнаку, адны (як правіла разумнейшыя, ды недастаткова саноўныя) па атрыманні дыплома адчыняць уласны бізнес падаліся, другія (як правіла, з ліку горшых, але не без саноўнае падтрымкі) з лёгкае рукі камісіі па размеркаванні — у чыноўных кабінетах, неадольным жаданнем эканоміку «падымаць» гнаныя, паспяхова атабарыліся.

Дробнасць, маштабам абшараў «некарумпаванае» краіны адпаведная? Напэўна. Галоўнае ж — ціхамірна, памяркоўна, без гвалту, амаль па-сямейнаму. Рэктар ці прарэктар, дарма што людзі на словах вунь як прынцыповыя, у сітуацыі «просьбы» з боку вышэйшых функцыянераў скласці для старшыні экзаменацыйнай камісіі спісы абітурыентаў, на якіх «варта звярнуць увагу» падчас уступных іспытаў, за непад’ёмны цяжар ці абразлівае не палічаць. А не атрымаецца наўпрост — іншым макарам уладкуюць справу. Залічаць памянёнага Мітрафана на факультэт па падрыхтоўцы якога-небудзь непрэстыжнага ткача ці механіка, а праз год туды, куды зверху «просяць» кроў з носу ўладкаваць, вачэй у сабакі пазычыўшы, перавядуць. Спатрэбіцца, дык і з іншай ВНУ, і не аднаго, а чалавек пяць-шэсць увадначас на прэстыжную спецыяльнасць уладкуюць.

Прыкладна тое самае і з выкладчыцкімі кадрамі.

На адной з гуманітарных кафедраў няпоўная стаўка вызвалілася, дык рэктар асабіста не паленаваўся прыйсці на паседжанне і распісаць вобразна, з павышэннем ды паніжэннем голасу, якой незаменнаю кадрэсай мае намер неўзабаве тую кафедру ашчаслівіць. І насамрэч «ашчаслівіў», дазволіўшы калегам дзеля наскрэбвання вучэбных гадзін сваёй прэтэжэ няпоўныя стаўкі з аплатаю як за поўныя. Дзеўка ж зорак з неба не хапала, больш за тое — прадмета свайго не любіла, праз пару год хвастом матлянула ды і падалася ў шэрагі спецыялістаў іншага профілю. Ціхмяная напачатку, з часам узмужнела, набралася пакрысе з гадамі нахабства, партфелем грамадскага дзеяча абзавялася. І будзе доўга ім, мабыць, да сівой барады, з любові да навукі і патрыятычных быццам бы пачуццяў размахваць.

А выкладчык сацыялогіі, выдатны спецыяліст, дацэнт з не адным дзясяткам год стажу, і вокам не паспеў плюснуць, як у выніку закідаў аб нядобранадзейнасці за парогам установы апынуўся. Добра, у іншай заўважылі, далі чалавеку магчымасць дапрацаваць да пенсіі.

Вось такія праявы дробнасці. Быццам бы дробныя дзеі, ды наступствы іх нежартоўныя. Настаўнікі, якія вучыць не ўмеюць. Юрысты, якія паперчыны толкам скласці рады не дадуць. Армады маладзёнаў ды маладзіц, што днямі таўкуцца ў аддзелах крамаў з паперкамі, штосьці ўсё дзеля быццам бы паляпшэння сферы абслугоўвання занатоўваючы-аналізуючы. Кіраўнікі розных узроўняў, што ва ўзаемаадносінах з падначаленымі ці з наведвальнікамі не тое што ўважлівымі не будуць, а элементарнымі нормамі прыстойнасці пераняцца іншы раз не палічаць патрэбным. Навукоўцы, якія дзеля дэманстрацыі лаяльнасці да ўлады факты перавернуць і перавернутае тое ў якасці навуковага даследавання, насуперак праўдзе, выдаць на-гара не пасаромеюцца. Паводле завядзёнкі: я табе — хлусню, ты мне — недатыкальнасць.

Прафесарка Юлія Чарняўская ў «НН» ад 23 ліпеня згадвае аб сваёй адпрэчанай калегамі прапанове стварыць у ВНУ элітарныя групы з далейшым уладкаваннем лепшых выпускнікоў на лепшыя месцы.

Яно б добра, канечне, было і сёння такое ўвесці, ды хто іх, лепшых, на тыя лепшыя месцы пусціць? Яны ж, як правіла, не афішуюцца, наадварот, яшчэ і прыхоўваюцца, прытрымліваюцца — для «сваіх». Іншымі словамі — даўно размеркаваныя. Чалавек толькі-толькі паспеў паступіць на вучобу, а ўжо дакладна ведае, дзе і кім будзе праз пяць год працаваць. І ў выніку якраз ён, дарма што сцены падчас сесіі падпірае, сваім азадкам па атрыманні дыплома запаветнае лепшае месцейка і ашчаслівіць.

Прыкладна тое самае і з адлічэннем.

Адлічыўшы за непаспяховасць якога-небудзь студэнта-няздару Карпеню, трэба і гэткага ж, калі не горшага, Пятрэню дзеля імітацыі справядлівасці адлічыць. А хто там ведае, што за дзядзька за Пятрэнем стаіць і што за варушэнне наўкола гэткай рызыкоўнай, неабачлівай акцыі распачнецца? Так што хутчэй рэктар выкладчыка знойдзе падставу адлічыць, чым таго студэнта. І спакайней яму, і ўежней, і напружвацца лішне не трэба. І калегі падтрымаюць — хаця б дзеля захавання ставак, колькасць якіх, вядома, у навучальнай установе наўпрост ад колькасці вучэбных груп, то бок колькасці студэнтаў, залежыць.

Сітуацыя быццам бы новая, карані ж і атожылкі яе — у значнай ступені ўсё там жа, у гадамі, дзесяцігоддзямі люлянай сістэме дробнай карупцыі. Якою ў нас быццам бы, калі афіцыёзу веры даваць, нават і не пахне. Ты — мне, я — табе: памяркоўна, ціха, па-сямейнаму лагодна. Дробнасць, што неўпрыкмет, але непазбежна трансфармуецца ў праблему дзяржаўнага значэння.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?