Пасля месяца выпрабавальнага тэрміну пасольства Італіі паведамляе аб бесперабойнай працы новай паслугі — дастаўкі пашпартоў з візамі атрымальнікам на дом, заявіў першы сакратар пасольства Уга Боні.

Пасольства Італіі ў Мінску ўвяло новую паслугу для больш лёгкай працэдуры выдачы віз 1 ліпеня 2014 года. Дзякуючы гэтаму сэрвісу, заяўнікі могуць пазбегнуць паўторна паездкі ў пасольства, атрымаўшы дакумент на рукі дома.

«Мы паведамляем аб увядзенні гэтай паслугі праз месяц выпрабавальнага тэрміну, цягам якога мы пастаянна адсочвалі працэс дастаўкі пашпартоў з візамі атрымальнікам на дом і ўпэўніліся ў яго бесперабойнай працы», — заявіў Уга Боні. 

«Сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што гэтая паслуга з'яўляецца надзейнай, зручнай і хуткай. Больш як 100 грамадзян скарысталіся ёю і засталіся задаволеныя,

таму што змаглі значна скараціць час чакання дакумента: пашпарт быў дастаўлены ім на працягу 3-4 дзён з моманту падачы заявы на візу», — зазначыў італьянскі дыпламат.

Паводле звестак пасольства, за забеспячэннем якасці гэтай паслугі сочыць упаўнаважаны супрацоўнік, які дапамагае заяўнікам запоўніць бланк перасылкі, уласнаручна адпраўляе пашпарт і курыруе яго дастаўку на адрас атрымальніка.

У італьянскім пасольстве зазначаюць, што ўвядзенне гэтай паслугі «выклікана жаданнем дапамагчы жыхарам рэгіёнаў, сем'ям з дзецьмі, пажылым і працуючым людзям». 

«Заказваючы дастаўку пашпарта на дом, заяўнік пазбягае бессэнсоўнай траты часу на тое, каб прыехаць у Мінск па дакумент падчас напружанага працоўнага тыдня. Ён таксама значна скарачае час свайго чакання ў параўнанні з традыцыйным уручэннем дакумента: пашпарт з візай адпраўляецца на адрас атрымальніка на наступны пасля падачы дакументаў дзень», — дабавілі ў пасольстве Італіі. 

Кошт паслугі складае 100 тыс. беларускіх рублёў і не залежыць ад колькасці пашпартоў. Напрыклад, сям'я з трыма дзецьмі аплачвае той жа кошт перасылкі, што і адзін чалавек, растлумачылі ў пасольстве. Каб скарыстацца паслугай, трэба звярнуцца ў візавы аддзел пасольства Італіі ў прыёмныя гадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?