Цяпер рыхтуецца да прэзентацыі праект, у якім, згодна з задумай арганізатараў рок-музыкі выканаюць па адной песні з легендарнага гурта. Ён атрымаў назву «Re: Песняры». Аднак з яго рэалізацыяй паўсталі нечаканыя складанасці.

Кампазітар Алег Молчан. Фота Тані Вельт.

Кампазітар Алег Молчан. Фота Тані Вельт.

Аўтар музыкі да песні «Малітва» на вершы Янкі Купалы Алег Молчан асабіста катэгарычна забараніў рок-гурту Naka яе выконваць. На ягоную думку, гэтая версія «не адпавядае ягонай мастацкай задуме».

Стваральнік музычнага парталу tuzin.fm Сяргей Будкін распавёў, як трэба ставіцца да музычнага здабытку краіны і пра асаблівасці захавання аўтарскага права ў Беларусі.

— Як вы ацэньваеце сітуацыю, якая склалася? Ці ёсць у вас праблемы з іншымі праваўладальнікамі заяўленых песень?

— Лепш пакуль пра гэта не разважаць, бо ў гэты момант у нас ідуць з імі перамовы. Але гэтая сітуацыя ўжо стала абмяркоўвацца ў сацсетках, таму, натуральна, трэба растлумачыць, што адбываецца.

З гэтай песняй сітуацыя ўжо развязаная. Яе выконваць не дазволілі, як мы ні спрабавалі знайсці агульную мову, у нас не атрымалася.

— Чаму?

— Сэнс праекта ў тым, што беларускія рок-музыкі самі выбіралі тыя песні «Песняроў», якія больш за ўсё паўплывалі на іх асабіста і якія яны хацелі б выканаць па-свойму. Натуральна, ні ў каго не было мэты праспяваць песні так, як было ў арыгінале. Гэта проста даніна павагі і магчымасць выказаць сваё меркаванне аб тым, як песні «Песняроў» паўплывалі на беларускую музыку і культуру агулам.

Алег Молчан успрыняў гэта як версію песні, якая не адпавядае ягонай мастацкай задуме і сказаў, што ён не можа гэтага дазволіць. Мы павінны паважаць аўтарскія правы, таму мы не будзем выкарыстоўваць гэтую песню.

Але тут ёсць і іншы аспект: гэта творчасць Уладзіміра Мулявіна, а песня на вершы Янкі Купалы — гэта ж беларускі нацыянальны здабытак. І чым больш гэтая песня гучыць у розных апрацоўках і інтэрпрэтацыях, тым, я мяркую, лепш для беларускай культуры і для самой песні. Бо яна жыве далей, а не застаецца закінутай, як арыгінал 1993 года.

— Бо гэта сусветная практыка: выконваць кавэры на арыгінальныя песні. Ніхто ніколі гэтаму зазвычай так не пярэчыць. Чаму ў нас так?

— Выкананне песні рэгулюецца аўтарскім правам, якое ніхто не касаваў. Мы пайшлі гэтым складаным шляхам, каб выглядала ўсё крышталёва і цывілізавана. Мы хацелі ўсе ўзгадніць, зацвердзіць, заплаціць аўтарскія адлічэнні за выкарыстанне кожнага трэка. Мы маглі іх проста выканаць - я не ведаю, якія былі б наступствы, але мы свядома выбралі гэты складаны шлях.

Я ведаю, што Молчан і раней забараняў выконваць свае песні іншым выканаўцам (Пятру Ялфімаву - заўв.charter97.org). І ёсць нават нейкі пісьмовы дазвол, што гэтую песню можна выконваць толькі з яго асабістага дазволу. Таму калі паважаць аўтарскія правы, то аўтара трэба прасіць, што мы і зрабілі.

— Сапраўды, у Беларусі вельмі складаная сітуацыя з аўтарскімі правамі. Штраф за адзін даведзены выпадак незаконнага выкарыстання твора - усяго 10 базавых адзінак, і нават самі юрысты прызнаюць, што ў Беларусі за захаваннем аўтарскіх правоў як беларускіх, так і замежных выканаўцаў проста ніхто не сочыць.

— Мы спадзяемся, што нашая свядомасць будзе прынятая і падтрыманая грамадствам. Мы не хочам ніякай канфрантацыі ў такую светлую дату, 45 гадоў з дня заснавання беларускага гурта «Песняры». Проста шкада, што склалася такая сітуацыя. Але мы ўсё яшчэ спадзяемся, што да прэзентацыі праекта «Re: Песняры» 12 верасня сітуацыя неяк зменіцца. Naka ўсё яшчэ заяўлена ў канцэрце-прэзентацыі. Усе адлічэнні за выкарыстанне гэтай песні і за выданне яе на дыску мы былі б гатовы заплаціць.

— Што б вы сказалі аўтарам тых песень, чыя творчасць мае патрэбу ў папулярызацыі і тым, хто хоча прыяць прапагандзе беларускай культуры? Бо гэтая сітуацыя - паказальная, і аналагічныя прэцэдэнты будуць узнікаць і далей.

— Тут парадаксальная сітуацыя. Тыя людзі, якія хочуць папулярызаваць нашую музычную спадчыну, звязаны па руках і нагах, калі яны хочуць дзейнічаць у рамках заканадаўства. Яны павінны выпрошваць ва ўсіх дазвол: ва ўсіх удзельнікаў, суаўтараў і гэтак далей. Менавіта гэтым мы і займаемся, і адкрыта гаворым пра гэта. Мы звярталіся і да ўдавы Мулявіна, і да Ігара Лучанка, і асабіста звярнуліся ў цэнтр абароны інтэлектуальнай уласнасці, каб нам усё растлумачылі і даслалі ўсе патрэбныя да запаўнення паперы і дамовы. Мы б хацелі дзейнічаць так, але на практыцы ўсё вельмі складана.

Канцэрт адбудзецца ў кожным выпадку, але ці дасягнем мы ўсіх патрэбных пагадненняў, каб распаўсюджваць гэты дыск - гэта пакуль вялікае пытанне.

Прэзентацыя праекта «Re: Песьняры» адбудзецца ў пятніцу 12 верасня ў клубе Re: Public в 18:00. У канцэрце возьмуць удзел Tonqixod, Naka, Pomidor/off, Сяргей Пукст, Зміцер Вайцюшкевіч, Akute пры ўдзеле беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?