16.08.2014 / 09:14

Жаданае за рэальнае Віктара Марціновіча Абмяркоўвайце! 27

Закрануў за жывое артыкул Віктара Марціновіча «Беларусь удалася».

Да чаго ж далёкія вывады робіць аўтар на аснове надзвычай малазначных прыкладаў! Асабіста ў мяне сцверджанне аўтара аб тым, што «калі б па Мінску ліпеня 2014 года прайшоўся нацыяналіст-рамантык з сярэдзіны 90-х, калі б ён завітаў на моўныя курсы, падзівіўся на рэкламу, пачытаў навіны і пабачыў выставы ў музеях… ён бы проста не паверыў сваім вачам» нічога, акрамя горкай усмешкі, выклікаць не можа. А калі б на тым рамантыку была футболка з бел-чырвона-белым сцягам, то нядоўга ён бы шпацыраваў — да першага патруля…

Так, любы беларус з года 1994-га насамрэч не паверыў бы сваім вачам, калі б змог трапіць у сённяшнюю Беларусь. Але гэта быў бы шок ад таго, што беларускага ў Беларусі цяпер са свечкай не адшукаеш!

Няўжо спадар Марціновіч сапраўды верыць, што фальшывыя і імітацыйныя білборды і «сіці-лайты з надпісамі «Каханне» — маё першае слова па-беларуску» могуць апраўдаць тую свядомую і мэтанакіраваную палітыку русіфікацыі, якая праводзіцца з часоў Ганебнага рэферэндуму 1995 года?

У 1995 годзе больш за 50% школьнікаў вучыліся па-беларуску. Абавязковае вывучэнне беларускай мовы было ўведзена ў навучальныя праграмы ўсіх ВНУ. Ішла вялікая праца па стварэнні новых школьных праграм. Курс гісторыі рабіўся «беларусацэнтрычным». Беларуская мова прыйшла ў дзіцячыя садкі. А гляньма на Беларусь, якая «ўдалася»…

У гарадах беларускамоўныя школы можна пералічыць па пальцах! Прынцыповых выкладчыкаў нярэдка выкідваюць на вуліцу, як здарылася зусім нядаўна з прафесарам Гродзенскага медуніверсітэта Астроўскім. І ўжо, заўважце, пасля Крыма і ўкраінскіх падзей. Такіх людзей трэба на руках насіць, а тут такая знявага.

А закрыццё ліцэя імя Якуба Коласа?

Няма ніводнай сярэднеспецыяльнай і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання! І хто ў такой сітуацыі захоча аддаваць сваю дачку ці сына ў беларускі клас?

Для Марціновіча невялікая прамова Лукашэнкі на беларускай мове — ледзь не змена курсу. А для мяне тое, што на ўвесь шматтысячны Магілёў толькі адна Ялінка Салаўёва навучаецца на нашай мове, сведчыць пра дзяржаўную палітыку. 

Ніякія саматужныя «моўныя курсы» з сотняй наведвальнікаў не заменяць паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы дзяржаўнай мовы. Дарэчы, няўжо 500 наведвальнікаў «Мовы нанова» можна лічыць дасягненнем для двухмільённага Мінска? Тут плакаць трэба, а не радавацца! Тым больш, што прыходзяць туды людзі, якія вывучалі мову ў школе. А гэта сведчыць пра катастрафічна нізкі ўзровень яе выкладання.

Віктар, вы самі верыце ў тое, што пішаце?! Беларускую кнігу загналі ў інтэрнэт-гета. У райцэнтрах кнігарні даўно не бачылі выданняў Някляева, Барадуліна, Бураўкіна, Хадановіча, Быкава, не кажучы ўжо пра творы маладых літаратараў. А нядаўні скандал з «Гродназнаўствам»?!

Я, жывучы ў незалежнай Беларусі, карыстаючыся дзяржаўнай беларускай мовай, не магу атрымаць ніводнага дакумента — ні даведкі ў ваенкамаце, ні білета на цягнік — на дзяржаўнай мове! Гэта ж палітыка прэзідэнта і ўрада, каб загнаць беларускую мову ў падполле і маргіналізаваць яе.

Калі раней даводзілася чуць на свой адрас «прыйшоў тут са сваёй беларускай…», то цяпер «запісваюць» у «бандэраўцы». Вось дык «удалася» Беларусь…

Паспяховасць дзяржаўнага будаўніцтва не вымяраецца колькасцю Шагалаў на запраўках у Віцебску. Галоўнае — гэта абарона правоў грамадзян ва ўсіх сферах: ад сацыяльнай да культурнай. А так атрымліваецца, што маці генерала Захаранкі, па Марціновічу, павінна задаволіцца выставай «Дзесяць вякоў беларускага мастацтва» і забыць пра свайго сына?

…І ў Чэхаславакіі ў 1968 годзе, а і ў Польшчы ў часы Ярузэльскага дзяржава падтрымлівала нацыянальную мову ва ўсіх сферах (нават дзяржбяспека яе выкарыстоўвала, што для нашых рэалій увогуле фантастыка!). Музеяў і адрэстаўраваных замкаў у іх нават тады было дакладна ў разы больш, чым у нас цяпер. Але ж не скажа чэх, што пасля 1968-га ягоная краіна «адбылася». І Польшча «адбылася» не ў 1981. Свабода слова, правы чалавека, падзел уладаў — вось праўдзівыя крытэры таго, якая дзяржава «адбылася».

Сам тэзіс Марціновіча, што калі Лукашэнка «перавыхаваецца», стане «нацыянальным па форме», як казалі бальшавікі, то будзе нам усім «шчасце», выклікае шмат пытанняў. Мы што, павінны забыць Захаранку, Ганчара, Красоўскага? Павінны забыць тысячы зламаных жыццяў? Павінны змірыцца з маральнымі прыніжэннямі? Павінны забыць шал БТэшных выкармышаў, якія плявузгалі пра «літаратурнага паліцая» Васіля Быкава? Дзеля чаго? Усё гэта не кампенсуеш няўцямным выступам Чаргінца на адкрыцці музея Быкава. Дый сам музей — гэта ганьба. У цэнтры Мінска павінен стаяць помнік Быкаву! А так… У Беларусі, якая «ўдалася», іншыя прыярытэты — мюзікл пра «друга Уга», чарговы «Славянскі базар» з безгалосым Барысом Маісеевым і іншыя «значныя культурныя падзеі».

Калі ў вашай, спадар Марціновіч, Беларусі можа з лёгкасцю спалучацца прыняцце страшнага беззаконня з радасцю ад чарговай імпрэзы ў Мастацкім музеі, то ваша Беларусь удалася. З чым вас, спадар Марціновіч, і віншую. Толькі гэта яшчэ не наша Беларусь, не беларуская. І падзеі ва Украіне паказалі, што шлях да беларускай Беларусі яшчэ надзвычай нялёгкі.

Дзяніс Рабянок, Калінкавічы (Гомельская вобласць)

0
Бівіс / Адказаць
16.08.2014 / 09:37
Этат опус ужэ бліжэ к ісьціне, чэм фантазіі тав. Марціновіча Хаця я б ешчо дабавіл мрачных красак. В том смысле, што наврядлі РБ как страна працянет ешчо хаця б нескалька лет. Вот разберуцца с Украінай (ілі абламаюцца на ней) і перакінуцца на нас. І там ужэ пару недзель работы, с будушчэй губерініей.
0
Алесь Кайра / Адказаць
16.08.2014 / 09:55
Марціновіч правакуе,а вы трапляецеся. Абмяркоўваць пакуль няма чаго, і так ўсё відавочна.
0
zhodny / Адказаць
16.08.2014 / 10:09
Dy hety Marcinovic ne velmi dalioki hlopec. Ramantyk taki mazhorysty. Z hetym svaim artykulam jion pa pounaj prahrame ablazhausia i pakazau sapraudny uzroven svajho intelektu. A leze va usi dzirki, ja, ja, ja. Dy jaki tam ja, ty zh hlopcha ni herashachki ne rubish. Jon hlopec, kanieshnie, zdolny, ale nazhal pisha luhtu.
Паказаць усе каментары/ 27 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру