Нядаўна ў рэдакцыі з Сяргеем Макарэвічам узгадалі чароўны прысмак з мінулага – свіныя шкуркі.

Свіней білі зімой (так, у нас казалі менавіта «біць свінню», а не «забіваць», ці «калоць», тое самае, дарэчы, з дровамі: іх у нас на Барысаўшчыне «б’юць», а не «сякуць», ці «коляць»).

У маё дзяцінства ў вёсцы распаўсюдзілася новая традыцыя страляць свіней з ружжа. Бо са швайкай шмат турботаў, нават калі трапляеш свінні проста ў сэрца, то не факт, што яна адразу памрэ, давядзецца памучацца. А майстроў гэтай справы з кожным годам станавілася ўсё меней. З ружжом прасцей. Звычайна хапала аднаго стрэла.

У майго бацькі было ружжо, таму нядзельная раніца (у гэты час якраз паказвавалі ўсё яшчэ крыху экзатычныя дыснэеўскія мульцікі, якіх мы чакалі цэлы тыдзень) ператваралася ў няспынныя прыходы суседзяў і аднавяскоўцаў. «Віця дома?» — пыталіся яны. Не, ён ужо б’е свінню на другім канцы вёскі. «Ну тады пойдзем там яго пашукаем».

Свінню смалілі паяльнай лампай, перад гэтым накідаўшы на яе саломы для добрага паху. А потым пачынаўся працэс разбору. Нічога лішняга, лічы, няма, усё складвалася па сваіх месцах: мяса, сала, вантробы, вушы, пятачкі, капыткі. Кішкі для будучых калбас. І пухір выкарыстоўваўся, у ім рабілі, ці не самую смачную страву майго дзяцінства, якая называлася «сцулёк». Здаецца, што афіцыйная назва «кіндзюк». А яшчэ такія «сцулькі» крута раскруцілі літоўцы, яны цяпер прадаюцца ў кожным іхнім гіпермаркеце.

Разабраўшы свінню цалкам, мужыкі ішлі ў хату, дзе іх чакаў сытны абед. Свежаніна плюс пячонка, ныркі, усё засмажанае з цыбуляй. Квашаная капуста з журавінамі. Бульба, яйкі, морс. І, вядома, чарка. Дзеці елі ўжо тое, што засталося пасля мужыкоў. Ці ставілі на газ, радзей у печ, новую партыю свежаніны.

Мужыкі на гэтым сваю місію лічылі выкананай, а вось бабам працы было аж да ночы. Рабілі калбасы, круцілі фарш. Напрыклад, з лапаткі. Для фаршу патрэбнае толькі мяса. Таму перад гэтым з яго здзіралі скуру. Але ніхто яе не выкідваў, складалі ў асобную місу ды ставілі ў верандзе.

Самы смак быў узяць свежую, яшчэ не калёную «шкурку» — на ёй яшчэ заставіліся невялікія рэшткі сала — пасыпаць соллю ды з’есці. Мабыць, чалавеку, які ніколі падобнага не каштаваў, гэтая сцэна выглядае лёгкім дзікунствам. Але, паверце, было вельмі смачна.

Я ўжываў гэты скуркі ў вялікай колькасці. Хоць часам мяне і палохалі, маўляў, не трэба, бо астаткі шчаціння ўнутры «шкурак» могуць прывесці да запалення апендцыту. Дзе там! Ніхто, канечне, такіх баек не слухаў.

Чуў, што некаторыя гэтак сама елі сырыя свіныя вушы. Сам не каштаваў.

А вы елі такія прысмакі ці гідзіліся? Адказвайце ў каментах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?