Аляксандар Лагвінец

Нямецкі фонд імя Гайнца Шварцкопфа «Маладая Эўропа» уганараваў «Прэміяй Эўропы» 2007 году беларуса Аляксандра Лагвінца. Малады беларускі выкладчык паліталёгіі адзначаны за дасягненьні ў наладжваньні лепшага паразуменьня паміж Беларусьсю й Эўрапейскім Зьвязам.

Гэта прэмія прысуджаецца з 2003 году арганізацыі альбо прыватнай асобе, якая адмысловым чынам паспрыяла эўрапейскай згодзе й інтэграцыі Эўропы, а таксама яе мірнай і адказнай ролі ў сьвеце. Сярод ляўрэатаў гэтай узнагароды Карла дэль Понтэ, галоўны пракурор трыбуналу па злачынствах у былой Югаславіі, Навід Кермані, іранскі навуковец і дысыдэнт, Дзітэр Косьлік, дырэктар Міжнароднага Бэрлінскага кінфэстывалю.

Сам Фонд імя Гайнца‑Шварцкопфа «Маладая Эўропа» быў створаны ў 1971 годзе дзеля падтрымкі дзейнасьці на карысьць адзінай Эўропы й прамоцыі эўрапейскай інтэграцыі. Штогод фонд супольна з Эўрапейскім парлямэнтам вызначае «Маладога эўрапейца году». У сваю чаргу «маладыя эўрапейцы году» прысуджаюць «Прэмію Эўропы». У гэтым годзе іх выбар спыніўся на выкладчыку‑палітолягу й грамадзкім дзеячы зь Беларусі.

Вось як тлумачыць гэты выбар Давід Штулік, ляўрэат узнагароды «Малады эўрапеец 1997 году», які быў чальцом журы, што выбірала ляўрэата «Прэміі Эўропы» сёлета:

«Працяглы час эўрапейская супольнасьць не зьвяртала ўвагі на Беларусь з увагі на палітычныя цяжкасьці двухбаковых дачыненьняў. Сытуацыя зараз мяняецца, дзякуючы беларусам з эўрапейскімі поглядамі, якія не перастаюць паўтараць, што Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы. Іх праца знаходзіць водгукі й прызнаньне ў Эўропе».

Уладзімер Глод, Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0