Год таму я напісаў рэфлексію пра пахаванні з надпісамі на беларускай мове. Тады дзясяткі каментатараў прывялі прыклады, дзе бачылі беларускамоўныя надмагіллі. Цяпер, калі я наведаў могілкі каля вёскі Хаценчыцы Вілейскага раёна, адзначыў для сябе іншае (уважліва агледзець клады на прадмет беларускай мовы не было калі) — драўляныя помнікі на пахаваннях. Зроблены яны былі дзясяткі гадоў таму, а стаяць да сёння. Больш уразіў нават не факт, што яны прастаялі столькі, а што драўляныя. Не прыпомню, каб недзе яшчэ такое сустракаў. Былі толькі драўляныя крыжы, якія, як выглядала, таксама прастаялі доўга.

  Могілкі ў Лельчыцкім раёне.

Могілкі ў Лельчыцкім раёне.

Канечне, мая геаграфія наведвання могілак не ахоплівае і паловы Беларусі. Але і не абмяжоўваецца роднай Вілейшчынай — Валожыншчына, Століншчына, Пухаўшчына, Мядзельшчына, Наваградчына…

   

У дадзеным выпадку драўляныя помнікі — на магілах загінулых ці памерлых у вайну альбо пасля вайны, калі людзі былі бедныя. 1943, 1944, 1953 гады. Рабілі з таго, што было пад рукой (хаця часцей у такім выпадку ставілі простыя камяні). Сёння на гэтых магілах ляжаць штучныя кветкі — ёсць каму іх пакласці. А мяняць помнікі не сталі. Яно, лічу і правільна. Гэтыя абшарпаныя, рассохлыя для мяне выглядаюць куды больш прывабна, чым «багатыя» з граніту.

Тое, што зроблена сваімі рукамі, з душой, выклікае больш станоўчых эмоцый.

А сучасныя помнікі — гэта бізнес, у які нічога не ўкладаюць акром грошай. Папракаць гэтым нельга. Але і самаробныя помнікі выклікаюць вялікую павагу.

Я дзе Вы бачылі незвычайныя помнікі на магілах? Пішыце ў каментах, дасылайце карцінкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?