Фота БелТА.

Фота БелТА.

Сустрэчы з удзелам прэзідэнтаў мытнай «тройкі» і, магчыма, Украіны плануюцца ў бліжэйшы час, паведаміў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы сёння лідэраў кампартый Расіі і Украіны Генадзя Зюганава і Пятра Сіманенка.

Зюганаў і Сіманенка прыбылі ў Мінск для абмеркавання сітуацыі ва Украіне і сумесных дзеяннях для прадухілення забароны кампартыі Украіны.

Перамовы пачаліся раніцай у мінскім гатэлі «Еўропа» з удзелам першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Ігара Карпенкі.

«У бліжэйшы час мы плануем — прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Украіны (калі Украіна на гэта пойдзе) — правесці шэраг сустрэч для таго, каб прынцыпова абмеркаваць, што ж адбываецца тут у нас», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Хто б калі-небудзь мог падумаць, што сярод трох дзяржаў, славянскіх, самых блізкіх і родных народаў можа ўзнікнуць такая каша на поўдні нашай, не пабаюся гэтага слова, айчыны», — сказаў Лукашэнка.

«Зразумела імкненне амерыканцаў, еўрапейцаў. Я яшчэ ў самым пачатку сказаў, што нам трэба апасацца, нас будуць уцягваць у гэту бойню, як у варонку, каб стварыць тут не проста ачаг напружанасці, а тое, што адбываецца цяпер, — спарадзіць новую вайну. І гэта будзе вайна вельмі небяспечная. На гэта ўвагу тады ніхто не звярнуў. І паглядзіце, што адбываецца», — падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да Зюганаву і Сіманенкі, Лукашэнка адзначыў, што для яго вельмі важна пачуць альтэрнатыўны пункт гледжання як з Масквы, так і з Кіева з нагоды развіцця сітуацыі.

Тым часам прэс-служба прэзідэнта Казахстана паведамляе, што

«Расія і Казахстан разглядаюць магчымасць прыняцця сумесных крокаў па правядзенні прамых перамоваў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам».

Гэтае пытанне Уладзімір Пуцін і Нурсултан Назарбаеў абмяркоўвалі падчас тэлефоннай размовы.

«Кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмяняліся думкамі аб крызіснай сітуацыі ва Украіне, а таксама аб магчымым прыняцці сумесных крокаў па правядзенні прамых перамоваў з прэзідэнтам Украіны ў розных фарматах, у тым ліку ў рамках сустрэчы з членамі Мытнага саюза і Украіны ці пазачарговага пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД», — сказана ў паведамленні прэс-службы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?