Урад Расіі ўдакладніў так званы «Закон аб блогерах».
Сацсеткі і іншыя папулярныя сайты абавяжуць мець абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, з дапамогай якога спецслужбы змогуць у аўтаматычным рэжыме атрымліваць інфармацыю аб дзеяннях карыстальнікаў.
Прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў 31 ліпеня пастанову ўрада №743, якая ўдакладняе закон аб блогерах. Яна прысвечаная ўзаемадзеянню спецслужбаў і «арганізатараў распаўсюджвання інфармацыі» — так у законе называюць сацсеткі, форумы і любыя сайты для зносін, даступныя ўсім карыстальнікам інтэрнэту.
Згодна з пастановай, сайты павінны падключаць абсталяванне і ПА для сілавікоў згодна з планам мерапрыемстваў, распрацаваных ФСБ.
Гэта пастанова забараняе сайтам раскрываць «арганізацыйныя і тэхнічныя прыёмы правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў».
У пастанове няма ні слова пра тое, хто будзе плаціць за ўстаноўку на сайтах абсталявання і ПА для ФСБ. Паводле тэксту пастановы, для кожнага канкрэтнага сайта «кіраўнік аддзялення ФСБ» павінен будзе выбраць для ўзаемадзеяння падраздзяленне ФСБ.
Федэральны закон №97 «Аб унясенні змяненняў у Федэральны закон «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналогіях і аб абароне інфармацыі» і асобныя заканадаўчыя акты РФ па пытаннях упарадкавання абмену інфармацыяй з выкарыстаннем інфармацыйна-тэлекамунікацыйных сетак» (вядомы як закон аб блогерах) ўступіў у сілу з 1 жніўня.
Фактычна закон прыраўноўвае папулярныя блогі да СМІ: іх аўтарам нельга лаяцца матам, распаўсюджваць недакладныя звесткі або экстрэмісцкія заклікі.
Закон таксама распаўсюджваецца і на пляцоўкі, дзе можна весці блогі — напрыклад, сацыяльныя сеткі.
Закон аб блогерах абавязаў такія пляцоўкі раскрываць інфармацыю аб наведвальнасці блогераў, іх кантакты, захоўваць на тэрыторыі Расіі дадзеныя аб дзеяннях сваіх карыстальніках на працягу шасці месяцаў і дзяліцца гэтай інфармацыяй са спецслужбамі.