Сёння пытанні гаспадарчай дзейнасці СП ЗАТ «Мілавіца» былі разгледжаны на нарадзе ва ўрадзе пад старшынствам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

Паводле слоў прэм'ера, з розных крыніц (у тым ліку з боку Камітэта дзяржаўнага кантролю) паступае інфармацыя, якая сведчыць аб тым, што стан спраў кампаніі выглядае «некалькі трывожна», а паколькі дзейнасць «Мілавіцы» асацыіруецца з беларускай эканомікай, урад не мог не зрэагаваць на гэта. «На прадпрыемстве працуе даволі вялікая колькасць нашых грамадзян, і мы павінны глядзець за гэтымі пытаннямі. У прыватнасці, каб разумець, як выглядаюць перспектывы гэтага прадпрыемства», - растлумачыў Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, урад зацікаўлены ў тым, каб такое брэндавае прадпрыемства, як «Мілавіца», працавала стабільна.

Гаворачы ж аб тым, што канкрэтна выклікае занепакоенасць, прэм'ер адзначыў перш за ўсё наяўнасць вялікіх аб'ёмаў гатовай прадукцыі на складах «Мілавіцы» і зніжэнне экспарту.

«Для нас экспарт — гэта не толькі вынікі дзейнасці суб'екта гаспадарання, але і пытанне валютнай выручкі, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — Асабліва актуальны ён на фоне стабілізацыі плацежнага балансу краіны». Таксама, нягледзячы на даволі сур'ёзную мадэрнізацыю, якая праведзена на прадпрыемстве, ёсць некаторае зніжэнне выручкі на аднаго працуючага.

Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася сёння, — гэта рух акцыянернага капіталу.

Як запэўніў журналістаў пасля нарады генеральны дырэктар СП ЗАТ «Мілавіца» Нормунд Озаліньш, справы ў кампаніі ў цэлым ідуць нядрэнна. «У нас цудоўны эканамічны стан кампаніі: пералічэнні ў фонд дзяржавы ў выглядзе падаткаў і збораў за першае паўгоддзе складаюць 100,6 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду 2013 года, рэнтабельнасць вырасла на 4,6 працэнта.

Праз тыдзень у маёй роднай Латвіі адкрываецца першы фірменны магазін «Мілавіцы», да канца года з'явяцца яшчэ чатыры. Таксама ў мінулым месяцы адкрыўся магазін у Ізраілі», — расказаў кіраўнік «Мілавіцы».

З пачатку года кампанія заключыла дзевяць новых кантрактаў з партнёрамі ў Амерыцы, Мексіцы, Ізраілі і шэрагу іншых краін.

Разам з тым апошнія падзеі ў свеце (у прыватнасці дэвальвацыя валют у Расіі і Казахстане, сітуацыя ва Украіне) не маглі не паўплываць на вынікі эканамічнай дзейнасці кампаніі.

За I паўгоддзе экспарт «Мілавіцы» скараціўся на 20 працэнтаў.

Цяпер, паводле слоў гендырэктара, сітуацыя пачынае наладжвацца. У далейшым выраўнаваць яе кампанія плануе за кошт пераарыентацыі продажаў - будзе скарачацца опт і нарошчвацца розніца. Гэта таксама дасць магчымасць скараціць колькасць падробак прадукцыі, адзначыў Нормунд Озаліньш, паколькі гэта больш характэрна менавіта для аптовых продажаў.

«Што ж датычыцца складоў, то ў пэўнай ступені рост іх аб'ёмаў абумоўлены сезоннасцю некаторай прадукцыі (напрыклад купальнікаў), — растлумачыў кіраўнік кампаніі. — Цяпер мы плануем на тры тыдні пайсці ў водпуск, за гэты час склады з 236 працэнтаў скароцяцца да 158 працэнтаў, а гэта нармальны паказчык».

СП ЗАТ «Мілавіца» з'яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў гарсэтных вырабаў ва Усходняй Еўропе. Прадукцыя кампаніі прадаецца ў 25 краінах свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0