Гомельская транспартная пракуратура праверыла выкананне работнікамі РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі» абмежаванняў, устаноўленых законам «Аб барацьбе з карупцыяй». 

Як паведамляе Генеральная пракуратура, у ходзе праверкі выяўлены парушэнні патрабаванняў арт. 17 закона, а менавіта забароны выконваць іншую аплачваную працу, не звязаную з выкананнем службовых (працоўных) абавязкаў па месцы асноўнай службы (працы), акрамя выкладчыцкай, навуковай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі. 

Работнікі РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі», з'яўляючыся службовымі асобамі дзяржаўнага прадпрыемства, на якіх распаўсюджваюцца патрабаванні названага закона, заключылі грамадзянска-прававыя дагаворы з ЗАСТ «ТАСК», на падставе якіх ажыццяўлялі страхавую дзейнасць і атрымлівалі грашовую ўзнагароду акрамя прадугледжанай заканадаўствам аплаты працы па асноўным месцы працы. 

Начальнік аўтакалоны транспартнай базы Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі пры прызначэнні на пасаду падпісаў абавязацельства аб выкананні антыкарупцыйных абмежаванняў. Аднак, займаючы гэтую пасаду, ажыццяўляў дзейнасць па страхаванні транспартных сродкаў, у выніку якой атрымаў даход у 8 млн рублёў. 

Начальнік штаба грамадзянскай абароны станцыі Жлобін, падпісаўшы пры прызначэнні на пасаду пісьмовае абавязацельства аб выкананні антыкарупцыйных абмежаванняў, таксама ажыццяўляў дзейнасць па страхаванні маёмасці юрыдычных асоб, у выніку чаго атрымаў даход у суме каля 3 млн рублёў. 

Намеснік начальніка грузавога аддзела РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі» з 2000 года займалася страхаваннем грамадзянскай адказнасці перавозчыкаў перад трэцімі асобамі і ў выніку сваёй дзейнасці атрымала даход у суме больш чым 170 млн. рублёў. Пры прызначэнні на пасаду кадравай службай Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі пісьмовае абавязацельства аб выкананні антыкарупцыйных абмежаванняў у яе не бралася. Абавязацельства падпісана толькі ў студзені 2014 года. 

Па факце парушэнняў заканадаўства, накіраванага на барацьбу з карупцыяй, Гомельскай транспартнай пракуратурай начальніку Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі ўнесена прадстаўленне, па выніках разгляду якога вінаватыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?