Грамадзянін Сербіі пакінуў запіс у кнізе заўваг і прапаноў з удзячнасцю вайскоўцам Брэсцкай Чырванасцяжнай памежнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага за бездакорнае выкананне службовых абавязкаў і ўважлівае стаўленне да тых, хто праязджае праз мяжу.

Пра гэта паведаміла афіцэр прэс-службы памежнай групы Кацярына Паўлава.

Выпадак з 45-гадовым турыстам з Балканскага паўвострава адбыўся ў міжнародным аўтадарожным пункце пропуску «Брэст», куды ён прыбыў з двума суайчыннікамі на аўтамабілі. Пасля праходжання працэдуры памежнага кантролю вандроўцы з'ехалі на польскую тэрыторыю. Праз некаторы час кантралёр аддзялення пагранічнага кантролю «Варшаўскі мост» знайшла на асфальце адкрытую сумку. Каб вызначыць уладальніка, змесціва сумкі камісійна агледзелі ў службовым памяшканні. Там былі знайдзеныя розныя дакументы на транспартны сродак, мабільны тэлефон, 7,5 тыс. еўра і стары пашпарт на імя грамадзяніна Югаславіі.

Брэсцкія памежнікі аператыўна звязаліся з польскімі калегамі і паведамілі ім дадзеныя на чалавека, што згубіў рэчы. Менш чым праз паўгадзіны ён вярнуўся ў пункт пропуску за сваёй маёмасцю. Серб быў крануты дзеяннямі беларускіх памежнікаў. Асаблівую ўдзячнасць жыхар Сербіі выказаў кантралёру аддзялення пагранічнага кантролю, якая знайшла яго сумку з дакументамі і грашыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?