Расея гатовая накіраваць ва Украіну узгодненую з Кіевам гуманітарную місію пад эгідай Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.
Пра гэта ў панядзелак заявіў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў.
«Я з асцярожным аптымізмам магу сказаць, што, па-мойму, усе ўжо магчымыя і немагчымыя нагоды былі знятыя. Я спадзяюся, што ў самы бліжэйшы час гэтая гуманітарная акцыя адбудзецца пад эгідай Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа», — заявіў ён.
«Мы ўзгаднілі ўсе дэталі з кіраўніцтвам Украіны», — запэўніў Лаўроў.
Ён растлумачыў, што пастаўшчыком гуманітарнай дапамогі будзе Расія.
Лаўроў пры гэтым назваў «абуральнай праявай цынізму» нежаданне заходніх лідараў бачыць неабходнасць аказання гуманітарнай дапамогі Украіне.
Раней у панядзелак прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія накіруе ва Украіну свой «гуманітарны канвой».