21‑гадовы беспрацоўны жыхар вёскi Петухоўка Чавускага раёна ранiцай мiнулай пятнiцы накiраваўся па сваёй справе ў суседняе паселiшча, дабiрацца да якога трэба было праз лес. Там ён убачыў дзiка, якi ляжаў на снезе. Малады чалавек падумаў, што жывёлiна мёртвая. Вырашыў падысцi блiжэй, бо дагэтуль нiколi ў жыццi не бачыў дзiка. Дзiк накiнуўся на хлопца. Паводле слоў пацярпелага, ён моцна закрычаў ад страху i болю, калi дзiк яго павалiў на зямлю. На шчасце, жывёлiна спужалася ды збегла.

Паранены здолеў дабрацца да вёскi, i адтуль з рэзанымi ранамi бядра i спiны яго адвезлi ў раённую бальнiцу. Урачы кажуць, што не закрануты важныя органы i сасуды, таму пацыент хутка iдзе на папраўку. Мiлiцыя праверыла абставiны здарэння, у вынiку якога пацярпеў чалавек. Месца нападу знайшлi хутка — па слядах крывi. І знайшлi не адно, а два логавы дзiкоў. Калi б да бойкi падключылася яшчэ адна жывёлiна, у маладога чалавека не засталося б шанцаў выжыць. Таму зразумела, калi зараз ён кажа, што ў лес больш нi нагой.

Алена Казлова, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0