Аляксандар Мілінкевіч

Беларусь дужа адстае ад працэсаў, якія ідуць у Эўропе. На тле інтэнсіўнага супрацоўніцтва, дыскусій пра прыярытэты і стратэгіі, у якіх у поўнай меры бяруць удзел такія краіны як Малдова, Грузія, Украіна, Беларусь падаецца пустым месцам, якое ніхто не заўважае. Такую думку выказаў экс‑кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч у размове пра вынікі канфэрэнцыі высокага ўзроўню «Балтыйскія краіны і суседзкая палітыка Эўрапейскага Зьвязу», якая прайшла 23 лістапада ў Рызе. Беларусікі палітык браў удзел у мерапрыемстве на запрашэньне прэм’ер‑міністра Латвіі.

«Першы раз слова «Беларусь» прагучала недзе пад абед. Пра Малдову, Грузію, Украіну гаворыцца ў кантэксьце рэалізацыі праграм супрацоўніцтва з Эўразьвязам, а мы як быццам пустое месца», — сказаў АФН Мілінкевіч.

«Можа, гэта такое эмацыйнае ўспрыняцьце, але гэта наша бяда вялікая»

«Тут можна сьмела казаць, што вінаватыя ўлады, таму што ўсё, што можам рабіць мы (грамадзкасьць), мы робім. Але ёсьць моманты, якія мусіць рабіць улада, таму што пытаньне ідзе пра эканамічнае супрацоўніцтва, пра рэформы. І натуральна, гэта можа рабіць толькі ўлада. Мы можам рэкамэндаваць, аналізаваць, падказваць, наводзіць масты, але ўсё‑такі праводзіць у жыцьцё ўсе гэтыя рэчы той, хто стаіць ля ўлады».

Мілінкевіч выступіў з дакладам, у якім выказаўся на карысьць раўнапраўнага і паважлівага дыялёгу між беларускай грамадзкасьцю і ўладамі.

«Вызваленьне ўсіх палітвязьняў і спыненьне рэпрэсій — гэта першы крок, які абавязаны зрабіць афіцыйны Менск».

Беларускую ўладу на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўляў намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, які выступіў з дакладам пра афіцыйнае стаўленьне ўладаў да дыялёгу з Эўразьвязам.

«Прадстаўнікам улады, якія там былі, шчыра кажучы, не было чаго сказаць», — адзначыў Аляксандар Мілінкевіч.

«Нельга паўтараць, як гэта рабілася шмат гадоў, што вось давайце толькі гандляваць, эканамічна супрацоўнічаць, і ні слова ня будзем гаварыць пра дэмакратыю, пра выбары, пра правы чалавека».

«Так не атрымаецца. А прадстаўнікі афіцыйнай улады менавіта так ставілі пытаньне. Гэта ўчорашні дзень, сёньня ніхто на гэта не рэагуе, проста апускаюць рукі».

«Важны момант палягае ў тым, што нам прапаноўваюць вельмі выгоднае супрацоўніцтва з адной умовай — гэта дэмакратыя ў краіне. Усе, хто супрацоўнічае з ЭЗ, выконваюць падобныя ўмовы. Гэта ж ня ёсьць прэтэнзіі канкрэтна да нас».

«Ніхто не патрабуе, каб дэмакратызаццыя адбылася за адзін дзень. Усе кажуць пра пакрокавае збліжэньне бакоў», — нагадаў Мілінкевіч.

Паводле АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0