15.08.2014 / 09:40

Намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім гатовая ісці на прэзідэнцкія выбары 52

Апазіцыйныя палітычныя сілы працягваюць пошук магчымых кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары 2015 года. Сярод патэнцыйных прэтэндэнтаў з’явілася прозвішча 51-гадовага філолага Алены Анісім. Яе кандыдатуру гатовая падтрымаць Рада беларускай інтэлігенцыі. «Самай галоўнай задачай з’яўляецца кансалідацыя ўсіх патрыятычных сілаў, — кажа спадарыня Алена.

— Удзел у прэзідэнцкіх выбарах, хутчэй, пытанне другаснае. Першаснае — пытанне незалежнасці. Што тычыцца вылучэння, то гэта пытанне не столькі да мяне, колькі да грамадства.

Калі нацыянальныя сілы вырашаць вылучыць мяне як кандыдата ў прэзідэнты, то я гатовая».

Ці не страшна сыходзіць з грамадскай дзейнасці ў палітыку? «Мы ўсе ў палітыцы ад таго моманту, як нам спаўняецца 18 гадоў і мы можам удзельнічаць у выбарах. Я ў грамадскай дзейнасці досыць даўно, часам не я сама, а людзі падштурхоўваюць мяне ўзяць адказнасць за большы кавалак працы. У палітыку ісці мне не страшна, бо я ўжо досыць пажыла, тое-сёе маю за плячыма, як у асабістым, гэтак і ў прафесійным, ты разумееш, ці табе спыніцца на пэўным узросце, ці расці далей».

Спадарыня Анісім кажа, што цяпер вядзецца праца па падрыхтоўцы да склікання Кангрэсу за незалежнасць Беларусі, які мусіць адбыцца да канца года.

Разам з тым яна падкрэслівае, што ТБМ — гэта не палітычная арганізацыя і ніякім чынам у прэзідэнцкай кампаніі арганізацыя ўдзельнічаць не будзе.

Алена Анісім нарадзілася 28 верасня 1962 года ў вёсцы Савані на Стаўпеччыне Мінскай вобласці.

Скончыла філфак БДУ.

Яшчэ ў глухі савецкі час яна была актыўнай удзельніцай падпольнай незалежніцкай суполкі «Майстроўня». З 1991 года працуе ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук (з 2008 года называецца Інстытут мовы і літаратуры).

Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, адна з вядоўцаў штотыднёвай праграмы «Беларуская мова» на тэлеканале АНТ.

<###dynamic-0###>

Зміцер Панкавец

0
Петрович / Адказаць
15.08.2014 / 09:48
Гатовая - iдзi! Толькi Вольга Карач будзе сумаваць
0
Дзіванаў / Адказаць
15.08.2014 / 09:59
Фрыкі скончыліся?
0
belariy / Адказаць
15.08.2014 / 10:05
можна вылучаць. нармальная баба.
Паказаць усе каментары/ 52 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру