Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці праверыў якасць арганізацыі і харчавання дзяцей у летніх аздараўленчых лагерах. Праверка паказала, што кухары лагера «Чонкаўскі бор» за два дні здолелі «сэканоміць» на харчаванні дзяцей прадуктаў на 4 млн. рублёў. 

Як паведамляе прэс-служба КДК Гомельскай вобласці, у поле зроку інспектараў паводле вынікаў гарачай лініі трапілі два аздараўленчыя лагеры — «Чонкаўскі бор» і «Юны хімік». Трэці аб'ект быў абраны для праверкі як самы буйны ў вобласці — аздараўленчы лагер імя Марата Казея. 

У выніку праверак устаноўлена, што ва ўсіх трох аздараўленчых лагерах парушаліся санітарныя нормы і правілы, а ў двух дзецям адпускаліся стравы няпоўнай вагой і мелі месца факты недакладвання сыравіны пры гатаванні страў. 

Пры гэтым асабліва вызначыўся «Чонкаўскі бор».

Так, у першы дзень праверкі ў пакоі сутачнага запасу прадуктаў сталовай лагера, дзе пасля гатавання снедання і абеду павінны былі застацца толькі прадукты, прызначаныя дзецям на полудзень і вячэру, спецыялісты КДК устанавілі лішкі тавараў больш як на 500 тыс. рублёў. У гэты ж дзень гэтыя тавары былі апісаныя і апрыходаваныя на склад. Аднак гэта работнікаў сталовай не спыніла, і на наступны дзень яны «сэканомілі» прадуктаў у сем разоў больш — на 3,5 млн. рублёў (20 кг мяса свініны, 4 кг рыбы, 14 кг памідораў і агуркоў, 35 пачкаў масла, 30 пакетаў малака і г. д.). Прадукты ўжо былі расфасаваныя па асобных каробках у выглядзе харчовых набораў. 

Устаноўленыя лішкі тавараў перададзеныя на склад, а дзеянням работнікаў сталовай праваахоўныя органы даюць прававую ацэнку. 

Паводле вынікаў лабараторных даследаванняў, ніводная са страў, прыгатаваных дзецям на абед, не адпавядала нормам закладкі прадуктаў. Акрамя недаўкладання прадуктаў дзецям адпускаліся і порцыі няпоўнай вагой, меншыя па масе на 15—18%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?